Ты спаталяеш смагу кавай...

Ты спаталяеш смагу кавай –
 Пітвом вышэйшага гатунку,
 А мне пакінуў мёд гаркавы
 Сваіх пякельных пацалункаў.

 Гарачыня іх паліць вусны
 І ап’яняе жарсці хмелем.
 Яшчэ дагэтуль жар спакусны
 Гуляе хвалямі па целе,

 І працінае сэрца джалам,
 І ліхаманкай розум муціць.
 Я столькі год сябе хавала
 Ад шалу думак і пачуццяў,

 Што і кахаць ужо баюся
 І ад жыцця свайго збягаю,
 Як запалоханая… Мусіць,
 Я ўжо і праўда – нежывая?

 Ты адчуваеш лёгкі смутак
 Ад непазбежнага расстання?
 А я канаю ад атруты
 Неўтаймаванага кахання…

30.05.2012


Рецензии