О, птушкi...

О, птушкі! Ціўкаюць, звіняць,
 Шапочуць, каркаюць, шчабечуць…
 Яны не могуць не спяваць,
 Не перагуквацца аб нечым.

У тым – прырода іх і лёс,
 Патрэба іх і асалода –
 Заводзіць спевы да нябёс –
 Штодня, не гледзячы на моду.

І песень тых не параўнаць,
 Як не злічыць іх шматгалоссе -
 Усім на свеце дагадзяць,
 Бо ўсе майстэрскі сола ўзносяць.

Рулады, трэлі, перасвіст,
 Каленцы, ўздохі, пераборы…
 І кожны – творца і артыст.
 Ці скажаш, лепей з іх каторы?

Вось так і я. Хоць як паэт,
 Бадай, каштоўнасці не маю,
 Нястомна вершы ў белы свет,
 Бы песні птушка, уздымаю.

Няхай ляцяць, куды падзьме,
 Ў чыю душу пагоніць ветрык,
 Каб сэрца шчырае мае
 Спявала-дыхала ў паветры.

Мо і занадта просты спеў
 І дзе-нідзе не тыя словы...
 Ды свет бы радасці не меў,
 Каб не птушыныя размовы.

15.06.2010


Рецензии