Калейдаскоп мiнiяцюр
Раніца.Прыцемак.Іду,спяшаюся. Узнялася па лесвіцы, а яны ўжо стаяць.Чакаюць.Навошта выпраўляць дзяцей у школу так рана? Вітаемся.Першай заходжу ў цёмны клас(бо памятаю,як гэта страшна!)і запальваю святло.
Пачаўся новы працоўны дзень.Вось усе схіліліся над сшыткамі, выводзяць літары. Адны старанна нашэптваючы, другія ўжо зрабілі запіс, трэція... Яшчэ і не пачыналі.Ім не хапае часу і на больш важныя справы, што ім тая дата!
І раптам бачу сябе: выдатніца ў акулярах за першай партай.Але,калі пачынаю ўспамінаць сваё дзяцінства, здзіўляюся, што з мяне выйшла тое, што выйшла: сур'ёзная кабета, настаў-ніца - даволі станоўчы персанаж.
Мае пляменнікі часта просяць расказаць пра нашае з сястрой - іх маці - дзяцінства.Ці змагу гэтымі гісторыямі пазабавіць унукаў? Хто яго ведае... Вось і прыйшло на розум: запішы, што памятаеш. Запішу.
Сон
Бачу маму.Яна ідзе па вінтавой лесвіцы ў пажарнай вежы(бацька працаваў шафёрам у пажарнай).Я іду следам,сачу за тым, якую прыступку мама перасігне, бо ведаю, што ступаць на яе нельга. Але я малая. Наступаю, правальваюся - і лячу ўніз, у чорную страшную без-дань.
Прачынаюся. Ляжу на падлозе.Сон гэты цягнуўся за мной доўгія гады.Нават тады,калі я навучылася не падаць з ложка.
"Не равіце, дуры!"
Зіма. Мароз.Хутка Новы год.Дзіцячых кніг не памятаю, бо чытаць яшчэ не ўмею,але ў бацькі іх шмат.Разам з ім вучым верш для ранішніка на маслазаводзе, дзе працуе мама. Аўтар - Някрасаў, паэма "Каму на Русі жыць добра" ў беларускім перакладзе.Кніжка без малюнкаў, барвовога колеру.
Просіць есці Янка.
- Еж з вадой хлябок!
- Дзе ж кароўка наша?
- Пан забраў, сынок.
- А дзе ж нашы куры?-
дзеўкі равуць.
- Не равіце, дуры,
з'еў іх земскі суд.
Верш вывучылі.Чакаем свята. А зіма марозная!Нас з Валькай апранаюць і выводзяць на двор. дзе стаяць вялікія самаробныя!! сінія санкі.Бяруся рукой за клямку - і рука прыліпае.Запыталася ў мамы чаму,тая адмахнулася:"Ты яшчэ языком паспрабуй!А то табе там мёдам намазана." Ого!Мёдам!
Стаім у двары.Чакаем... А на варотах яшчэ клямка, новая, бліскучая, вялічэзная.Значыць, і мёду больш?! І тут мой язык з усяе дуры прыліпае да цуда-клямкі!
Ці была яна з мёдам, не ведаю. А тое, што стала яна з мясам,- упэўнена.Пра гэта ніхто з дарослых не ведаў.Верш я расказала , "пранікшыся болем за сям'ю Янкі" , вельмі праўдзіва і атрымала ад Дзеда Мароза цукеркава-грэцкаарэхава-мандарынавы падарунак.
Трывалы народзец - наша пакаленне! І дэвіз падыходзячы:"Не равіце, дуры!"
Кісель
Я не хадзіла ў дзіцячы садок: мяне гадавала баба Анюта. А вось Вальцы прыйшлося выхоўвацца ў грамадстве.Перад Новым годам мы пайшлі ў садок забіраць Вальку.Памятаю, што ўсе дзяўчаткі былі сняжынкамі ў марлёвых сукенках.Валька згубіла свае белыя гольфы. Усе іх шукалі, нерваваліся, а мне аддалі сястрын полудзень - кісель.
Кісель!У гранёнай шклянцы,бледна-ружовы,ён прыліпаў да вуснаў астыўшай плёначкай.Языком злізваеш яе і адчуваеш салодкі, густы смак гэтага ласунку! І доўжыць бы гэтае шчасце!.. Але гольфы знайшліся. Кісель скончыўся.
Чаканне
Бацькі будавалі хату, куды мы перайшлі, калі мне было гады тры.Старэйшая за мяне амаль на тры гады сястра пайшла хутка ў першы клас.Валька была худзенькая,з танклявымі белымі коскамі, тонкімі ручкамі.Калі яна брала партфелік, то ён цягнуўся па падлозе,таму яе ў школу вадзіла баба Анюта.(Яна аддала сваю драўляную хату для будоўлі бацькам,каб жыць з намі, бо асталася адна ў вёсцы, якую перасялялі ў горад. А адной яна баялася аставацца да самай смерці.)
Восень.Я сяджу каля акна.Вецер гоніць цёмныя нізкія хмары.Баба з Валькай пайшлі ў школу.Гляджу на неба, а там ляцяць вароны.Нібы ляцяць і нібы стаяць на месцы.Вецер паварочвае іх, нібы руліць імі,потым кідае ўніз.Трывожна і страшнавата.Лісцік прыляпіўся да шыбіны.А вось і весялейшае: паміж рамамі ляжаць жырныя сухія(ці сонныя?) мухі. Ужо не так сумна.
А вось і баба вяртаецца!
Свидетельство о публикации №112051501187