Восень дыхае на ладан...
Тленнем шоргае ля ног,
Змізарнелым лістападам
Бальзаміруе мурог;
Зацярушвае імгою
Несуцешнага дажджу,
Спарахнелаю тугою
Ціха спойвае душу;
Плача слотаю бяссоннай
Па-над прывідамі тла
І рыхтуецца да скону
Аслабелага цяпла:
Прысыпае пудрай белай
Шаты дрэваў дзе-нідзе,
Па зямельцы скамянелай
Шэрань ценямі кладзе;
Дачакаўшыся да сцюжы,
Гаспадарыць уначы:
Лёдам шкліць акенцы-лужы,
Баючыся знемагчы.
А зрання, зірнуўшы хутка
На абцасікі кабет,
Першым саванам бялюткім
Супакойвае сусвет.
8.11.2011
Свидетельство о публикации №112050606243