Зляпiу Бог чалавека I падзьмуу...

Зляпіў Бог чалавека.  І падзьмуў –
 І дух жыцця ўдыхнуў нябозе ў цела,
 І ўклаў лампадку розуму яму
 І сэрца – каб пачуццямі трымцела.

Даў рукі, ногі, вочы, вушы ў дар,
Падкінуў розных талентаў сто порцый
 І ў свет яго адправіў: ” Уладар!
 І будзь маім наступнікам-сутворцам !”

Старанны чалавек абжыў зямлю,
 Пачаў ствараць мастацтва апантана:
 На сценах у пячорах крэмзаў ню,
 Лупіў у скураныя барабаны .

Пасля прыйшла чарга другіх прылад.
 Танчэлі, прыгажэлі фарбы, гукі.
 Мелодыі пісаліся для свят,
 Карціны ратавалі ад дакукі.

Ды Божы люд ад Бога адышоў,
 Убіўся ў круг відовішч сатанінскіх.
 Усё ганебней сталі сцэны шоў,
 Усё адмоўней новых твораў рысы.

Сутонне зацягнула белы свет.
Святла ўсё менш, вакол – адныя здані.
Нашто жывем? Каб быць вытокам бед?
Пытанні… Безадказныя пытанні...

Няўжо сляпымі сталі мастакі,
 Глухімі – літаратары, музыкі?
 Ці іх задавальняе стан такі:
 Агульны цемрашал і шабаш дзікі?

Ссыхае сэрца, чэзлая душа
 Забылася, якой была калісьці…
 Мастацтва! Ці ты вартае граша,
 Калі не ратаванне ты, не выйсце?
 
15.03.2012


Рецензии