Як калiсьцi я чула малечай,

Як калісьці я чула малечай,
Так і сёння гаворыцца зноў:
“Перацерпім любую галечу,
Абы толькі вайны не было!”

Разважаю, сумую, малюся –
І ў малітве няма навіны:
“О, не дай, Божа мой, Беларусі
Аніколі ніякай вайны!”

Замаўчу, праглыну ком у горле
І збянтэжаным шэптам дадам:
“А каб мы ад тугі не памёрлі,
Падмажы ў мірных клопатах нам!

Дай нам талентаў, розуму, сілы,
Навучы так аддана кахаць,
Каб радзіму – край любы і мілы,
Нібы годнасць сваю,  шанаваць!

Каб зямельку старанна ўпрыгожваць,
Каб  людзей, нібы скарб, берагчы…
Адгукніся, о літасны Божа!
Адкажы на мальбу, не маўчы!”

Паэтычная старонка Таццяны Дзям'янавай www.lightynna.ru


Рецензии