Разбiлi мару на аскепкi...
Стапталі бруднымі нагамі.
Сказалі, колер надта кепскі,
Не адпаведны моднай гаме.
Абгаварылі змест і форму –
Што мудрагелістыя дужа,
Што не ў фармаце, не па норме,
З такімі можна сесці ў лужу.
Яшчэ “прайшліся” па памеры –
Што ён вялізарны занадта:
Не праціскаецца праз дзверы,
Калі вяртаешся дахаты.
Нат абазвалі тлумнай дрэнню
Настрой рамантыкаў-дурылаў,
Якія ўласным летуценням
Паначаплялі ўпотай крылаў.
З іх кпілі разам, паасобку,
Крытыкавалі жартаўліва
І разважалі нетаропка
Пра мару іншага разліву.
Напрыканцы з нудой на твары
Зляпілі новыя марэнні.
Уверх падкінулі… Ды мары
Зваротна ўпалі – бы каменні…
26.01.2012
Свидетельство о публикации №112022005019