Што у чалавека ад макакi?

Што ў чалавека ад макакі?
 А што - ад жабы ці змяі?
 Што - ад лісы, ці ад сабакі,
 Ці ад каня, ці ад свінні?

 Што ад слана ці кракадзіла?
 А што ад тыгра або льва?
 Чым нас агульным надзяліла
 Прырода - матухна-зямля?

 Аблічча? Звычкі? Цела? Розум?
 Альбо паводзіны ці рух?
 Ці падабенства нейкай позы?
 А мо жывёльны грубы дух?

 Нахабства, слізкасць або сквапнасць?
 Драпежнасць, хітрасць, прастата?
 Дзікунства, жорсткасць альбо храбрасць?
 Ці слепата, як у крата?

 Гавораць, людзі – не жывёлы,
 Бо маюць розум, інтэлект.
 Але наш вопыт невясёлы:
 Хаця імя нам - чалавек,

 Бы дзікуны, здымаем скальпы
 Адзін з другога – бавім час.
 Навука кажа, мы – ад малпы.
 А што ж тады ад Бога ў нас?

Паэтычная старонка Таццяны Дзям'янавай www.lightynna.ru


Рецензии