Не балбачы, што мы няумекi!
Лухта! Мы – творцы, кожны з нас!
Так Бог прызначыў чалавеку –
Ствараць – карысна бавіць час:
Араць зямлю, разводзіць кветкі,
Пісаць карціны, рыфмаваць,
Вязаць сукенкі і сурвэткі,
На сцэне танчыць і спяваць,
Запісваць россыпы мелодый,
Іграць натхнёна – гукам жыць,
Вязаць і шыць паводле моды –
Ўжываць нажніцы альбо ніць,
Плясці кашолкі і карункі,
Ляпіць збанкі, рабіць дэкор.
І да вышэйшага гатунку
Даводзіць кожны ўласны твор.
Расці ў майстэрстве крок за крокам,
Удасканальвацца ва ўсім.
І станавіцца… не, не Богам –
Яго сутворцам неблагім.
Не кпі з рамеснікаў, блазнота!
Іх шлях да таленту вядзе.
Але скажы: а сам ты… хто ты?
Чаго ты варты між людзей?
4.02.2012
Свидетельство о публикации №112021910061