Як хораша! Зiма!
Не знаў бялюткі свет такіх вось маразоў...
Смакую па глытку студзёнае прыволле -
І шчасце ўсё хутчэй ганяе ў целе кроў.
Сляпыя ліхтары калоцяцца на стыні -
Не грэе палатно накіданых прасцін.
Іду я, а сляды дарожкай цёмна-сіняй
Збягаюць ад мяне ў заснежаную сінь.
Світае... І жэле малінавае ўсходу
Спаўзае на снягоў бахматае безэ...
І радасць, і спакой, і божая лагода
Сыходзяць у душу, бы сонца, пакрысе.
Святлее небасхіл... Мільгаюць, нібы ў моры,
На хвалях насыпных іскрыстыя агні.
І ззяе, і пяе крыштальная прастора,
І крокамі рыпіць у звонкай цішыні...
Я кану ў гэты сон, уп'юся асалодай,
Сыграю Творцу гімн на шкельцах ледзяшоў
І свята зімніх дзён запомню назаўсёды -
Як лепшае з усіх спазнаных мною шоў...
Свидетельство о публикации №112012900541