Верш 2007-4
Чытач, хадзем са мной на прамэнад
Па Незалежнасьцi праспэкце.
Глядзi, тут збудавалi горад-сад,
Нiбыта ў глянцавым праспэкце.
Шырокi тратуар, высокi мост,
Аўтамабiлi дыпкур'ераў —
Глядзiце ўсе, якi прыгожы я
На фоне гэтых iнтэр'ераў!
Глядзiце ўсе, якi прыгожы я
На фоне гэтых iнтэр'ераў!
Хадзем, знайду пасьля такiх прыгод
Завулак цiхi правiнцыйны.
Там горад-сад — тут горад-агарод,
Ўлез кот памыйны ў сродак мыйны.
Вакол двухпавярховыя муры,
Пах вiшняў, галасы тэр'ераў —
Глядзiце ўсе, якi прыгожы я
На фоне гэтых iнтэр'ераў!
Глядзiце ўсе, якi прыгожы я
На фоне гэтых iнтэр'ераў!
Пабачылi? Працягнем мой канцэрт.
Хадзем увогуле за горад!
Паставiм там на збочыну мальбэрт
I паглядзiм, цi маем порах!
Паветра вольнае паўстане нам
Шырокiм полем для плэнэраў —
Глядзiце ўсе, якi прыгожы я
На фоне гэтых iнтэр'ераў!
Глядзiце ўсе, якi прыгожы я
На фоне гэтых iнтэр'ераў!
Ну а калi ты ўжо папазяхаў
Мiж Вiльняў, Вязынак ды Зэльваў —
То, пэўна, шчэ на пах не каштаваў
Паўднёва'мэрыканскiх сэльваў,
Дзе мы здабудзем на абед iльва,
А на сьняданак — дзьвюх пантэраў.
Глядзiце ўсе, якi прыгожы я
На фоне гэтых iнтэр'ераў!
Глядзiце ўсе, якi прыгожы я
На фоне гэтых iнтэр'ераў!
Сучасную паэзiю маю
Чытайце, жыхары кватэраў!
Пабачыце, якi прыгожы я
На фоне вашых iнтэр'ераў.
Свидетельство о публикации №112010204590
Лупасин 02.01.2012 21:15 Заявить о нарушении