Не дай мне Бог...

Не дай мне Бог калісьці жабраваць,
 Стаяць з рукой, працягнутай адчайна,
 І ў галаце з пакорлівасцю крайняй
 За грошык людзям рукі цалаваць;
 І марыць аб акрайцы і глытку,
 І бачыць у пагардзе раўнадушша
 Усіх, замураваўшых вочы й вушы,
 Хто стрэнецца насустрач на вяку!

 Не дай мне Божа, з торбай ці з турмой
 Спазнаць аднойчы блізкае знаёмства
 І, ачмурэўшы ўшчэнт ад вераломства,
 Якое лёс учыніць нада мной,
 Цярпець несправядлівасць дзень за днём,
 А ноччу свае стрымліваць рыданні
 І марыць пра звычайнае каханне,
 І шчасцейка, і ўласны цёплы дом!

 Не дай мне Бог ад свету звар’яцець –
 Згубіць у рэчаіснасці свой розум
 І ў мітусні да жудасці цвярозай
 Аднойчы на світанні акалець
 І, адпусціўшы цела і душу,
 Адрынуць яву духам сіратлівым
 Пад смутак адпявання мітуслівы.
 Не дай мне Божа гэтага, прашу!

12.11.2011


Рецензии