Асыпаецца спелае лiсце...
Карагодзячы думкі мае –
Што й мяне мая восень калісьці
Халадэчай апошняй кране.
Што і я мушу так адарвацца
Ад уласнага дрэва жыцця,
І зляцець, і ў паветры матляцца,
І шукаць існавання працяг,
І ўдыхаць пах асенняга тлення –
Горкі водар знямелай тугі,
І не мець ад самоты збаўлення,
Пакідаючы дом дарагі.
І, сыходзячы прахам да праху,
Узнімаць вольны дух да вышынь,
Нібы голуба - Божаю птаху -
У нябесную, звонкую сінь…
5.10. 2011
Паэтычная старонка Таццяны Дзям'янавай www.lightynna.ru
Свидетельство о публикации №111110806539