Выраз

Спадабаўся выраз “адключыць гісторыю”,
Каб яе папросту не было.
Дваццаць першы. Час для алегорый.
Дваццаць першы. Час, каб аджыло.

Дзікі час. Я згодна. Між асобамі
Вольты, лініі, сігналы, правады.
А найбольш мне даспадобы спробы
Адключыць уласныя гады.

Бо не тычыцца яно Напалеёна –
Не яго ты просіш адключыць.
Не сціраць чыісьці гучныя імёны,
Не іх лёс шчэ раз перарабіць.

Усяго пячэшся ты аб будучым,
Быццам вагі ў словах не стае?
Ці яны былі занадта гучныя,
Ці яны наогул не твае?

Не. Я не за вечную рэфлексію
(Нават дзённік весці не магу).
Я тваю нявычварную лексіку
Усё адно, прабач, не зберагу.

Гавары мне ціха, хочаш, шэптам.
Ніякой гісторыі няма.
Я магу зрабіць цябе паэтам
Ці паэтам гэтым стаць сама.

Каб, калі хачу, уключаць гісторыю
І, канешне, калі трэба, адключаць…
Дваццаць першы. Час для алегорый.
Дваццаць першы. Гэта час пісаць.


Рецензии