Вобразы
Бясконцы, трошкі сумны контрданс.
Трыццаць другі. Германія. Быў вечар.
Каньяк і танга, мір і дэкаданс.
Быць можа, баль у лінованых кадрылях.
Пах цыгарэт і стомлены пост-гранж.
Іх трыста шэсцьдзесят, не ў днях, у мілях.
І птушкі. І паромы праз Ла-Манш.
Вы падышлі. Так проста, бы “між іншым”.
І запрасілі (чаму не?) патанцаваць.
Але бывае. Гэтак не напішаш.
І можаш нават гэтак не сказаць.
Маўчыце. І ў напружаныя рукі
Убягае незапрошаная кроў.
А за плячыма… Людзі, рухі, гукі,
Чужая, іншая духмяная любоў.
Я вас не ведаю. Рука не зварухнецца.
Сумненне на секунду падвядзе…
Аднекуль церпкі пах. Пастойце, б’ецца!
Ла-Манш і цені па яго вадзе.
Сёння вы з Дувра. Праўда? Як стылёва.
Аднак, на жаль, я сёння не з Кале.
Як быццам збоку, чую вашы словы,
Цярэбячы сурвэтку на стале.
Нарэшце мяне стомяць гукі, свечы
І бессмяротны тытунёвы пах.
Трыццаць другі, Германія. Быў вечар.
Кадрыль, пост-гранж. І крыўда на плячах.
Я ўстаючы пацісну вашу руку.
Ці нават прабачэння папрашу.
Вы ўжо не чуеце. Навязлівыя гукі.
Я не танцую. Я ўсяго пішу.
Свидетельство о публикации №111080703722