Мы

Мы так хацелі навучыцца па адным
Усяму таму, што ўмеем толькі разам.
Мы людзі. Таму часта, па за тым,
Мы ўсяго толькі намі сказаныя фразы.

Мы спадзяваліся змарыць чарцей унутры –
Усіх нячыстых, што фармуюць наша шчасце.
І зноў, мы людзі. Чорт нас пабяры!
З чаго толькі сябе не ўмеем скласці.

Нам так хацелася пісаць не па начах,
Калі адказна, дзённа свеціць сонца.
Аднак, мы людзі. І на нашых плячах
Усе паўночныя падсэнсы па старонцы.

Паспрабавалі мы губляцца ў адным,
Каб толькі ён выводзіў з лабірынта.
Людское наша. Мы на ім стаім.
І гэтых “ён" налічваецца квінта.

Мы так імкнуліся аб гэтым прамаўчаць,
Пакінуць нейкі “толькі свой" кавалак.
Мы людзі. Мы не можам не пачаць –
І заплююць наш патаемны ранак.

Гэтак стараліся сябе ўпарадкаваць,
Каб цалавала, калі трэба, нават стрэльба.
Мы людзі: калі можна – паламаць,
І пакахаць – як толькі болей нельга.

Мы думалі дастаць рукамі дно,
Забрацца ў цацку, з якой мы гуляем.
Мы людзі. І ў сваім нямым кіно
Зноў без адзежы, як аднойчы перад Раем.

Мы так хацелі паглядзець вакол інакш,
Любіць у сабе тых непатрэбных іншых.
Мы людзі. І няхай сабе! Заўваж,
Усё астатняе проста прызнаем лішнім.
 


Рецензии
Дзякуй Вам, Таша, за Радзiму i за Мову.

З глыбокай удзячнасцю i павагай,

Андрей Ястремский   03.06.2012 13:41     Заявить о нарушении