Японскi
Вясна ў пакуль пустых яшчэ галінах,
Мазком японскім маляваных з-за акна,
Цёмнымі рыскамі па складзеных прасцінах.
Вышэй за дахі, у небакрай пап’е-машэ,
У акварэлях мутных аж да сонца.
Вясна… Для нас прывычнае клішэ
На новай каляндарнае старонцы.
Хаця б удзень. Дык не. У святой начы
Спрачаемся ў дагматах фаталізму.
У гонар… За ўпакой сваёй душы,
Гатовыя ўжо да ўласнай трызны.
І толькі, можа быць, японская вясна
У нашых вокнах, а пасля ў нашых душах
На трошку адарве ад палатна,
Якое не рашаліся зварушыць.
І дзесьці ранкам, калі змоўкне фаталізм,
Калі колькі гадзін можна быць простым,
У японскай сціпласці пустых яшчэ галін
Сабе дазволім дамалёўваць па пялёстку.
Свидетельство о публикации №111072608596