Снегапад

Быў уначы за акном снегапад,
Падалі снежныя зоры.
Чэрці цягнулі вяроўкі назад
І рэзалі белыя моры.
Заснулі ці не, а не бачылі, што ж,
Мы стомленыя ад культуры.
Па тварах не снег, а расслоены дождж,
Па ценях, як з цеста, фігуры.
Балюча – па цэгле, па шклу, па вадзе,
Не лавіце, хай падаюць зоры.
Можа быць, яшчэ раз, хаця б раз правядзе
Нас Майсей праз бяскрайнія моры.
Быў уначы за акном снегапад,
Завіруха, жаніліся чэрці.
Ці не самі сабе мы прыдумалі сад,
Каб начамі не думаць аб смерці.
Тым жа часам дарэмна шукаем яго,
А ён побач, зямны, дасягальны.
Можа стацца, што ён снегапад за акном
Маёй цёмнай і сцішанай спальні.
І пакуль мы навобмацак крочылі ў сад,
Што знайшлі пасля Дантэ адзінкі,
Я лічыла, калі ўжо прайшоў снегапад,
На плячах тваіх плямы-радзімкі.


Рецензии