ВОЧЫ
Сярод ночы зірнеш — прыкмецяцца,
Вочы маці, ці любай вочы,
Ад якіх святлей чым ад месяца.
То жаночыя, то дзявочыя —
Вочы воўчыя адварочваюць,
Берагуць ад варожых воч,
Што драпежна жырыцца ноч.
Пойдзеш прэч ад свайго парогу,
Павандруеш па белым свеце —
Вочы моляцца на дарогу,
Іх малітва аб родных дзецях.
Заклапочаныя тыя вочы,
Вочы матчыны ў лёс дзіцячы
Пільна ўгледжваюцца сярод ночы,
Кожным крокам бяду прадбачаць.
То жаночыя, то дзявочыя,
Ні спакою ў іх, ні супыну,
Покуль свецяцца гэтыя вочы —
І чужына сагрэе сына.
Свидетельство о публикации №111061003352