Паданне пра адно каханне

Раптам змаўкалі птушкі. Абрываліся іх галасы на самай высокай ноце. Стоена-здзіўленныя ўслухоўваліся яны ў незямныя гукі, які паступова авалодвалі прасторай. Ён пачынаў спяваць. Сціхаў ветрык і ласкава расцілаўся каля яго ног — слухаў. Хілілся зёлкі бліжэй, каб не прапусціць ніводнага гуку. Сонца, здавалася, запавольвала свой ход па небасхілу, ураджанае анёльскімі мелодыямі. Уся прырода: дрэвы, птушкі і людзі — усё слухала, заварожанае голасам ягонага сэрца…Толькі яна адна нічога не чула.
Ён браў у рукі пэнджаль, даставаў мальберт з фарбамі. Палатном рассцілаўся сусвет пад нагамі і распальвалася натхненне ў грудзях. Яркія мазкі — срэбныя, смарагдавыя і залатыя клаліся адзін за адным. Вымалёўвалася нешта боскае. Аблокі спускаліся з нябёсаў і раствараліся ў дзівоснай выяве… “Гэта наша магчымая будучыня” — гаварыў ён. І тысячы вачэй глядзеліся ў казачныя краявіды і адшуквалі там абрысы свайго шчасця — толькі адна яна нічога не бачыла.
Тады ён пачынаў гаварыць ёй пра гэтае шчасце. Словы цяклі, пераліваліся блакітнымі ручаямі, іскрыліся ў сонечных промнях і падалі, падалі з неба знічкі, прывабленыя зямной усеабдымнай прыгажосцю. І свята сыходзіла на зямлю. Усё наўколле поўнілася спевамі, расцвечвалася вясёлкавымі фарбамі, усё радавалася і смяялася — толькі ў яе душы гэта не знаходзіла ніякага водгуку.  Яна адна нічога не адчувала.
І ён замаўчаў…
У сэрцы захлынулася песня, выцвілі фарбы і выцяклі слязамі з яго ўсе словы. Ён захліпнуўся адчаем і анямеў навекі. Ён зразумеў, што не зможа больш спяваць так, каб замаўкалі птушкі, не зможа маляваць так, каб ангелы зляталі на ўрачыстае свята мастацтва, не зможа гаварыць пра шчасце, каб падалі з неба знічкі — таму што ў сэрцы пуста.
І толькі тады яна адчула, што нешта страціла назаўсёды, і толькі тады яна паверыла… Ён сапраўды кахаў яе…
Але ўжо было позна.


Рецензии