Дзядам Мiкалаю i Пятру
Доўгія провады — горкія слёзы.
Я адчуваю міжволі смугу:
Здрыгне перон ад гудка паравоза,
Ды скаланецца ад колаў чыгун.
Потым павольна, нібыта з надрывам,
Рух набірае пануры цягнік,
Здоўж палатна сцеле сівую грыву,
Сіплы гудок, нібы роспачы крык.
Поезд паўнюткі не вінаватых,
Толькі й віны, што рука ў мазалях —
Стогнуць жалобай тутэйшыя хаты,
Так, што не ўчуецца крык жураўля.
Хоць на крыжах гругановая зграя,
Могілкі — месца на зайздрасць жывыма:
Мёртвых пакуль што ніхто не чапае,
Двойчы не сходзяць у дамавіну…
…Знік паравоз ужо, сёння — электра,
Дзізель на крайні выпадак цяпер,
Толькі ўсё едзе і едзе ў калымскае пекла
Дзед па забытую смерць.
Свидетельство о публикации №111060804506