Кропка над i
У краіне Беларуская Граматыка жылі літары. Кожная мела сваю кватэру ў вялікім доме пад назвай Алфавіт. Побач знаходзіўся Дом Знакаў Прыпынку, там жылі Коска, Клічнік, Кропка, Пытальнік і іншыя знакі, якія сябравалі з літарамі. Усіх літар было трыццаць чатыры, трыццаць пятым быў Апостраф: ні гук, ні літара, а так сабе нейкая спатычка пры вымаўленні, але і яна мела асобны знак і агульную павагу. Бо ўсё, што ёсць, можа калі-небудзь і спатрэбіцца…
Вось скажыце, напрыклад, як вы напішаце без Апострафа слова “сям’я”? Атрымаецца нейкае “сямя” – ні “семя”, ні “цяля”, а нешта зусім незразумелае. Не абыйдзешся без Апострафа.
А жылі літары ў Алфавіце менавіта дружнай сям’ёй: усе сябравалі паміж сабой і ніхто ніколі не быў пакрыўджаным, нават Мяккі Знак звыкся са становішчам, што яго ніколі не ставілі ў пачатку слова:
— Падумаеш, важнасць! — распаляўся Мяккі Знак перад якой-небудзь Коскай, — стаяць наперадзе слова. Вунь, Цвёрды Знак ці Апостраф ніколі наперад слова не лезуць і, нічога сабе, — жывуць!
Літары жылі дзеля Вялікага Сэнсу. Увесь час знаходзілі яны яго ў сваіх гульнях: стане, напрыклад, літара Дэ, а за ёю літара О, а затым і эМ у канцы прыклеіцца – атрымаецца слова ДОМ; памяняюцца яны месцамі і выходзіць слова МОД: Дом Мод — весела ім: літары адны і тыя ж, а сэнс розны знаходзіцца. Літара да літары, глядзіш і слова з’яўляецца, слова да слова – вось і сказ напагатове. Гуляюцца літары з ранку да вечара і з вечара да ранку, і не відаць канца іхнім гульням, бо як не перастаўляюцца яны месцамі, усё адно нараджаецца нейкі новы сэнс, які да гульні нікому быў невядомым.
Сабраліся аднойчы літары ў двары Алфавіта ў гурток і пачалі загадваць загадкі. Якіх толькі загадак не чулася ў шчыльным коле літар, усім было весела, усе радаваліся. Але вось усярэдзіну круга выбегла надзьмутая літара Я:
— Я! Я!! Я!!! – закрычала яна, — я загадаю загадку такую, што ніхто і ніколі не адгадае.
Трэба сказаць, што літара Я была занадта ганарлівай, хоць і было яе месца ў канцы Алфавіта, але ўсюды ёй хацелася быць першай. Яе нават цвялілі “Якаўкай”, бо яна лічыла сябе разумнейшай за ўсіх.
— А-а-а… А я думаю, а-а-адгадаем, — нясмела прамовіла літара А.
— П-п-паспрабуем, — сказала Пэ.
— Канешне, канешне, — дружна закрычалі літары Ка, Нэ і Шэ.
— Тады слухайце, — літара Я кічліва надзьмула грудзі і стала загадваць: — А і Бэ сядзелі на трубе, А ўпала, Бэ прапала, хто застаўся на трубе?
— Ха-ха-ха! – рассмяялася Хэ.
— Што тут смешнага? – абурылася Я.
— Загадка твая зусім просценькая. Ну зусім лёгкая загадка! Нікога не засталося! – заключыла Хэ.
— Нікога! Нікога не засталося! – падхапілі астатнія літары, — а гонару колькі было.
— А вось і не правільны адказ, — важна абарвала ўсіх літара Я.
— Як гэта не правільна? – здзівілася літара А, — калі я ўпала, а Бэ прапала, то нікога ж?…
— Нікога! Нікога!! Пуста там! — наперабой закрычалі літары.
— А вось і не! – зноў выпхнулася наперад Я, — дурні вы! І яшчэ раз дурні! Я заўсёды гаварыла, што самая разумнейшая з вас Я, і павінна пачынаць Алфавіт. Вось! Літара І засталася.
— А-а-а! Вось яно што! Сапраўды, а мы і не заўважылі.
— Ціха, ціха! Хтосьці плача, – крыкнуў Клічнік.
Усе прыціхлі. Здалёк пачуліся ўсхліпы. Аглянуліся літары і ўбачылі: ў куточку сядзіць маленькая літара І, сядзіць і горка плача.
— Я такая непрыкметная, — усхліпвала яна, — што мяне ніхто нават і не заўважыў.
— А што цябе заўважаць! – абражліва выпаліла літара Я, — ты нават на літару не падобная! У ва ўсіх фігуры як фігуры, а ты так, палачка нейкая.
Трэба сказаць, што раней І сапраўды выглядала інакш і была падобнай на палачку.
Яшчэ больш літара І залілася слязамі. Здавалася, нішто на свеце не зможа яе суцешыць.
— Калі так, — прагаварыла яна, глытаючы слёзы, — я тады зусім пайду ад вас. Пайду ў які-небудзь іншы Алфавіт. Там мяне будуць паважаць і ніхто не будзе крыўдзіць, бо там сапраўднае сяброўства.
— Падумаеш, цаца-ляля, — здзекліва прагаварыла літара Я, — і без цябе абыйдземся.
— Што ты гэта гаворыш! – закрычалі кругом.
— Няхай ідзе куды хоча.
Маленькая “і” сядзеда і плакала, яна нічога не магла адказаць на такую знявагу. Так часта бывае ў жыцці: не заўсёды знаходзяцца патрэбныя словы ў адказ на хамства і нахабства.
— Вось дз.ва, яна зус.м не л.тара, а нейк. злучн.к, — прабарматала літара Я і ўсе недаўменна пераглянуліся.
Увесь Алфавіт выбухнуў рогатам. Так літара Я сама сябе пакарала за ганарлівасць, бо кічлівыя больш за ўсё баяцца трапіць у смешнае становішча, што і атрымалася з Якаўкай, калі яна пагрэбавала літарай І.
— Бачыш, якая ты патрэбная? Нельга без цябе абыйсціся, — загаманілі літары, — і як без цябе скласці слова “МІР” – і многія іншыя словы?
— Ціха! – пракрычаў Клічнік, — я вам дапамагу. Літара І падобная на мяне, толькі без кропкі. Давайце для таго, каб яна была больш прыкметнай і прыгожай, паставім зверху над ёю кропку, такую як у мяне. Гэта будзе ўсім напамінам: ніколі не трэба крыўдзіць ніводную літару – усе мы патрэбныя, нават Знакі Прыпынку.
— Правільна! Згодны! – закрычалі літары, — цяпер ты застаешся з намі?
— Застаюся, — прашаптала літара І і ўсміхнулася.
— А ў пакаранне Якаўка назаўсёды застанецца самай апошняй літарай алфавіта, — падвёў вынік Клічнік.
Усе дружна пагадзіліся, нават літара Я ў знак згоды заківала сваёй вялізнай галавой.
Так упершыню над літарай І з’явілася кропка. Таму і сёння, калі трэба вырашыць спрэчнае пытанне і прыйсці да згоды, людзі гавораць: давайце раставім кропкі над і.
Свидетельство о публикации №111040803089