Дойлид

       ДОЙЛІД
Жылі калісьці на зямлі двое сяброў, Памалу і Адразу – такімі рэдкімі імёнамі назвалі іх людзі. А ўсё таму, што Памалу быў памяркоўным, разважлівым і ўдумлівым, пра такіх кажуць: сем разоў адмерае, адзін раз адрэжа. Яго ж сябар Адразу, наадварот, быў хуткім як агонь і не любіў валаводзіцца, яму абы толькі:”Раз і гатова!” А пра такіх гавораць, што ў іх зямля гарыць пад нагамі. Але ведаюць людзі, не ва ўсякай справе спешка патрэбна, бо не дарэмна гавораць: паспяшыш – курэй насмяшыш.
Былі абодва сябры цеслярамі. Сядзелі неяк без работы пад старой яблыняй і адпачывалі.
— От! Зрабіць бы ўсіх людзей шчаслівымі! – натхнёна выпаліў Адразу.
— Э-э-э! Куды ўсіх! Хаця б аднаму чалавеку радасць прынесці і то добра, — разважліва прамовіў Памалу.
— Не! Калі ашчаслівіць, дык толькі ўсіх цалкам! А іначай і пэцкацца не трэба, — запярэчыў Адразу.
— Не-е-е, — задумаўся Памалу. – Чалавека сілком не зробіш шчаслівым. Адразу толькі маланка бліскае, а шчасце павольна нарастае, вось як гэты яблык. Чалавеку падказаць трэба, а дарогу да шчасця ён і сам адшукае…
Удумліва разважаў Памалу, але Адразу пакрыўдзіўся на сябра: надзьмуўся, як мыш на крупы, і маўчыць. А потым раптам ускочыў і пракрычаў:”А давай пабудуем Храм!”
— Храм?
— Так-так! Храм. Хуценька так ухопімся за працу, раз-раз – і гатова! Збудуем, і чалавек, ходзячы ў Храм, пакрыху будзе рабіцца шчаслівым. І нам добра, і людзям...
— Такі Храм нам не збудаваць, — уздыхнуў Памалу.
— Дурны ты! Чаму гэта не збудаваць? Гэта ж будзе не просты Храм, а чароўны.
         — Ага, сказаць лёгка, а зрабіць? Дзе ўзяць матэрыялу? Калі гэта чароўны Храм, то тут  не абыйдзешся звычайным бярвеннем. Сродкі вялікія патрэбны. Мармуру добра было б купіць, бурштыну, чырвонага золата… Чым ты купалы пакрываць думаеш?
— Бяды тае! Усё гэта людзі прынясуць, — упэўнена сказаў Адразу. – Мы ж не для сябе, для іх Храм збіраемся будаваць. Для іхняга ж шчасця!
Тут і Памалу загарэўся паволі марай пра Храм. “А ў сярэдзіне… Паслухай, што будзе ўсярэдзіне…”
Так марылі сябры. І Храм сапраўды выходзіў на дзіва прыгожым. Зойдзе чалавек у такі Храм – аж дух у яго зойме. Пастаіць хвіліну-другую сярод прыгажосці, выйдзе пад неба, гляне на сонейка – і яшчэ мацней яму жыць захочацца… Такі цудоўны Храм марылі збудаваць сябры для людзей.
Сядзелі так два дні і ўсё пра Храм думалі, нават забываліся, што есці патрэбна. А на трэці дзень прыйшоў да іх чалавек наймаць на працу і кажа: “Сенцы зусім разваліліся. Рамонту патрабуюць. Можа падладзіць крыху трэба, а можа і новыя справіць”.
Памалу падумаў і пагадзіўся, а Адразу адмовіўся, чым вельмі здзівіў свайго сябра:
— Хо! Буду я нейкімі сенцамі займацца. Ёсць у мяне занятак: абдумаць, як Храм будаваць! Я мог нікчэмнай работай займацца, калі ў мяне не было мары. Цяпер жа – не магу я апусціцца да задрыпаных сенцаў.
— Ну як сабе хочаш, — сказаў Памалу, заткнуў сякеру за пояс і пайшоў за чалавекам.
         Будуе Памалу сенцы, кладзе бярвенца да бярвенца, а сам таксама пра Храм думае. Рукі робяць, а сэрца марыць. Прыйшоў праз колькі дзён гаспадар паглядзець на працу – і аж рот ад здзіўлення разявіў: на даху сенцаў сядзіць, бытта жывы, высечаны з дрэва пеўнік, здаецца, зараз узмахне крыламі і закукарэкае.
Пашкроб гаспадар за вухам і гаворыць:
— У мяне і грошай не хопіць разлічыцца за такі цуд. Ды і не заказваў я такога дзіва.
— Не хвалюйся. – Усміхаецца Памалу, — пеўніка я зрабіў самаму ў ахвоту, а табе на радасць. А,  можа, і людзям службу саслужыць.
І з таго часу пачалі з’яўляцца ў рабоце Памалу незвычайныя рэчы. То аканіцы зробіць з дзівоснай разьбой, то дзверы вырабіць з квяцістымі ўзорамі, то на шчыце хаты змайструе сонейка і ўсё прыгаворвае: “Гэта я сабе ў ахвоту зрабіў, а табе, гаспадар, на радасць… А можа і людзям службу саслужыць”.
І разляцелася слава пра майстра Памалу па ўсёй зямлі. А яго сябар, Адразу, з таго часу зусім працаваць перастаў, сядзіць сабе ў цянёчку пад старой яблыняй і будуе паветраныя палацы. Ды яшчэ з сябра свайго Памалу насміхаецца: “Гонар свой пляміш. Лазні, дамы ды адрыны будуеш. А людзям Храм патрэбен. Ты свой талент і майстэрства на дробязі разменьваеш. Я да гэтага не апушчуся. Бо я – дойлід!”
Аднаго разу праязджаў па той зямлі баярын Доля. Убачыў незвычайную аздобу на многіх будынках і пытаецца: “А хто ў вас такі майстар?”
— Ёсць у нас цясляр, — адказваюць людзі, — Памалу яго завуць. Вось ён і вырабляе такія рэчы сабе ў ахвоту…
— А ці не мог бы ён збудаваць Храм? – пытаецца Доля.
— Храм?
— Так, Храм.
— Ну гэта трэба ў яго спытацца, ці будзе такое будаўніцтва яму ў ахвоту.
Знайшоў баярын Доля майстра Памалу і расказаў пра Храм, маўляў, ёсць у яго мара: збудаваць Храм, які рабіў бы людзей шчаслівымі…
— Вось майстра шукаю. Мне падказалі, што ты мог бы зрабіць.
— Я? – разгубіўся спачатку Памалу, а потым і гаворыць: — Я, канешне, мог бы. Але не маю часу. Замовілі мне калодзеж выкапаць і журавель зрабіць да яго. Ёсць у мяне сябар, Адразу яго завуць, ён гаворыць, што ён – дойлід і таксама марыць збудаваць Храм. Вы да яго звярніцеся, а я гэтую работу скончу і пагляджу, што да чаго.
Узяўся Памалу за працу, а баярын Доля паехаў шукаць Дойліда Адразу. І знайшоў яго пад старой яблыняй.
— І гаворкі няма. У адзін момант збудую вам Храм. Вязіце матэрыялы: белага і лазоравага мармуру дваццаць шэсць вазоў, сем вазоў палявога шпату, тры вазы бурштыну, каштоўных камянёў і ўсякіх самацветаў адзін воз, паўвоза чырвонага золата на купалы  і яшчэ чаго-небудзь прыгожага. Прывязіце ўсё, што я сказаў, і будзе вам Храм.
І ўсё, што прасіў Адразу для будаўніцтва Храма, прывёз баярын Доля.
Ухапіўся Адразу за працу. Толькі нічога ў яго не выходзіць. За той час, як ён бясплённа марыў, зусім працаваць развучыўся. І так і гэтак спрабуе – не ідзе праца: усё з рук валіцца.
        Тым часам Памалу выкапаў калодзеж, зрабіў над ім прыгожы журавель і прыйшоў паглядзець на работу Адразу. Зірнуў і рукамі развёў. Храм нават не пачаты.  Сядзіць Адразу сярод гурбаў матэрыялу і горка плача.
І стаў Памалу будаваць Храм. А сябру свайму Адразу загадаў быць у яго памагатым. І збудаваў Памалу Храм. І Храм сапраўды атрымаўся чароўным: людзі заходзілі ў яго і радаваліся, бо знаходзілі ўсярэдзіне знаёмыя ўзоры з дзівоснай разьбой, і квяцістыя  арнаменты, і пеўніка з жураўлямі, і яркія сонейкі, якія так падобныя былі да сонейкаў на шчытах іхніх дамоў, што некалі змайстраваў Памалу. Увесь яго вопыт спатрэбіўся пры будаўніцтве Храма.
        Не заўсёды той, хто многа гаворыць і абцае,  сапраўдны майстар у сваёй справе.


Рецензии