Не ахвярую верш

(без темы)
20 января, 12:05
 Не ахвярую верш нікому,
Не маю права:
Ні родным, блізкім, ні знаёмым.
Дзеля забавы
Ніколі вершы не пісаў я –
Крывёй і болем.
Касіў быльнёг і разнатраўе
На полі долі.
Жыццё лажылася радкамі,
Каса звінела,
Калі находзіла на камень
Нутром збалелым.
І што ў тых вершах засталося
Майго, на потым –
Дык там з паловаю калоссе,
Работа з потам.
І Сейбіт прыйдзе і адвее
Штосьць для патрэбы,
Палову спаліць, а насенне
Пасее ў глебу.
Не прысвячу нікому верш,
Не маю права,
Бо нават не пісаўся першы,
Дзеля забавы.
Нібыта цацку падарыць
Радкі пііту,
Калі душою не гарыш –
Свае нібыта.
Хто б з вас, ахвярнікаў такіх,
З імпэтам і запалам,
Мог падарыць не мёртвыя радкі –
Рукі кавалак!


Рецензии