Успамiн

У лесе хораша было:
     Навокал - воля!
Бусёк вымахвае крылом,
     Спявае долю.
Бусліны клёкат... А малэ
     Таке мурзатэ
Бяжыць за поле, і далей
     Крычыць заўзята:
"Бусько, бусько клекатун,
Ловіць жабу за каўтун!"

У лузе люцікі цвілі,
     Нібыта сонцы,
Вянкі зялёныя плялі
     Дзяўчаты хлопцам.
Лілея летам... Па вясне -
     Пралескі, лотаць...
Цвіце Палессе і нясе
     Птушыны сокат.

На гаманлівых паплавах
     І ў дзень, і ў вечар -
Гуллівых чаіц перамах, -
     Вясну скергечуць.
Цыганскі дожджык церушыць,
     Вясёлка ззяе...
Яшчэ здаецца: вечна жыць
     Не перастанем.
І ўсё бяжыць, бяжыць, бяжыць
     Дзіця мурзатэ,
Бяжыць за хмаркаю, крычыць,
     Нібыта тату:
"Дожджык, дожджык, сыпані,
Што б калюжкі булі,
По коленца брулі,
Дожджык, дожджык, секані,
Мы паедзем на калі,
Маму з поля прагані,
Тату з поля прагані,
Дожджык, дожджык, сыпані..."


Рецензии