I аднойчы...
І аднойчы прамовіць слова Гасподзь,
І тое слова пачуе сэрцам Чалавек,
І ўпадзе яно ў глебу душы,
І не загіне, не счэзне --
А прарасце там жаданнем дзейнічаць
І вясці барацьбу за шчасце людзей на зямлі
Да перамогі.
І на ўсёй планеце стане адным чалавекам болей,
Але свет ад гэтага не стане лепшым,
Хіба толькі ўсё чалавецтва палепшыцца на адзінотнага чалавека,
Які пачуў Божае слова.
І будзе плакаць Той, хто сказаў слова,
Што яшчэ аднаго Сына выправіў
На цярністы галгофскі шлях,
Да крыжовай пакуты, да самуткай смерці.
І яшчэ адзін раз свет не пазнаў яго і адвергнуў,
Так як маці звяргае абортам любоў дачасную,
А затым горкімі слязьмі абліваецца
Аб не народжаным дзіцятку,
Аб не спазнаным шчасці, аб змярцвелай радасці.
Жывое нараджаецца ў пакутах:
Ведае тое маці ненароджанага дзіцяці,
Ведае тое Гасподзь, што словам нараджае чалавека,
І ведаць не хоча загіблы свет,
Што мільёны разоў лепшых пасылаў на крыжы,
На месца чарапоў,
І ніколі слязы не праліў
Шчырай.
У мудрых кнігах часта чытаеш,
Што за ўсё прыходзіць расплата.
Як хочацца верыць у тое,
Што кожны сваё атрымае –
Не прашу большага:
Дай кожнаму тое, што заслужыў!
Але ж…Мёртваму не баліць!
Калі не народзіцца нанава свет,
І кожны асобна не пройдзе свой шлях праз Галгофу –
Ніхто не заплача ніколі,
Ніхто не пажне, што сеяў,
Расплаты ніхто не спазнае,
Бо не народжанага няма!
І мёртвае не рыдае.
Свидетельство о публикации №111022102518