Босы ваяр

Пясок, дробны як штодзённасць, глытае мае ногі. Не дае ісці. Не падпускае да вады. З боку падаецца, што так  я пускаю карані ў гэтую зямлю. Насамрэч пясок проста хавае маю басату. Я – босы ваяр – паэт, які на чужой зямлі шукае ісціны адной на ўвесь свет. Ведаю што ісціна знаходзіцца не тут, але мне цікава шукаць ісціну там, дзе яе няма. Таму і ўчыніў пошук сярод Аквітанскіх вінаграднікаў. З дванаццаці маіх блізкіх знаёмых толькі тры сталі блізкімі людзьмі, астатнія засталіся проста знаёмымі. Яны – маё былое і мая будучыня, а на сёння я – адзін у полі босы ваяр. Я кожны вечар збягаю з утульнага сярэднявечча, абсталяванага Wi-Fi’ем , на дзікі акіян. Акіян той знішчыў цывілізацыю Атлантаў і мяне можа забіць у адно імгненне. І некалі, мусіць, заб’е, але жыць без яго я не магу.  Некалі мог жыць нядрэнна і без яго, але тады ён быў далёка, а зараз заўсёды побач. Невыносна цяжка жыць без тых, хто заўсёды побач, а без тых, хто далёка неяк жывецца і так. Акіян гэты мае жаночае імя паводле маёй уласнай мапы. Чаму жаночае? А таму што ён адзін у адзін як яна. Гэтак жа хвалюецца без дай прычыны, гэтак жа утрымлівае  ў сабе цэлы сусвет, гэтак жа дае жыццё, а яшчэ ў яе свае Бермуды, і гэтаксама: заціхла – чакай бяды.  Я прыхожу да акіяна і проста гляжу. Сядаю на скамейку сярод пяску, хаваю сваю басату і сяжу любуюся. Хтосьці б мог падумаць, што я некага чакаю, альбо што я мастак і прыйшоў за натхненнем, альбо я прыйшоў каб адпачнуць. Ніякі я не мастак, стомы няма і каб надта чагосьці чакаў, дык не надта. Сяжу сабе і гляжу. Няголены небарака ў лахманах падсеў і гергеча па-свойму, маўляў дай папяросу, запалку ды пару манетаў. Я разумею ўсё, што ён кажа, ёсць у мяне і тое, і другое, і трэцяе, але выгляд раблю нібы не чую. Таму што няма чаго слухаць. Сядзеў бы так, здаецца, і сядзеў, глядзіш і прырос бы да гэтай зямлі. Пачаў бы чуць пра папяросы і запалкі. І нешта знайшоў бы ў Аквітанскіх вінаградніках. Але не. Там мяне чакаюць віленскі агрэст, самы сапраўдны акіян, тры блізкія і дзевяць знаёмых, а гэта значна больш чым скамейка, манеты ды запалкі.  Адзін у полі ды босы – ніякі ты не ваяр, ніякі ты  не паэт.


Рецензии