ЛО

“Гэта была мая Ло… А вось мае лілеі.
 Так, -- сказаў я,-- яны дзіўныя, дзіўныя, дзіўныя!”   
                Ул. Набокаў
Мая хваравітая мара,
Дзяўчо-танканожка, дзе ты?
Ён прагне тваіх пажараў,
І трызьніць табой разьдзетай.
Той бераг, дзе ты – нябачны,
Твой бераг такі далёкі.
Я ў роспачы, Ло, я плачу,
А ён паскарае крокі.
Пасьпею і не парушу,
Зраблю ўсё, як і належыць,
Пра тое скажу, што ў душах,
І што там не мае межаў.
Крану цябе, Ло, нясьмела,
Збяру з тваіх кос дажджынкі…
Той, іншы, заўважыць цела
І здушыць яго ў абдымках.
Я мары твае ўратую,
А ён дасьць імя – “жанчына”,
Я той, хто рабіў сьвятую,
Ён той, хто ўва мне злачынец.
Забі мяне, Ло, спагаду
Пакінь для таго, другога,
Хто значна далей ад здрады,
Чым першы бліжэй да Бога.
1989.


Рецензии