Кахаю... Кахаю... Кахаю...

Кахаю… Кахаю… Кахаю…
 Губляючы волю сваю,
 Шалею – пяшчоту ўдыхаю,
 Ласкавыя позіркі п’ю.

Усмешка… І вусны… І дотык…
 І ўсё паплыло. І туман.
 Твае пацалункі – наркотык,
 Абдымкі – салодкі дурман.

Пачуцці – прыбоямі ў сэрцы –
 Нахлыне магутны прыліў –
 І хваляй зрываюцца дзверцы,
 Што розум на ключ зачыніў.

І болей няма адзіноты.
 А мо гэта – прывідны сон?
 На вуснах – мядовыя соты,
 Ў далонях – ружовы бутон!

О, прагныя рукі! О, плечы!
 О, дзіўная ўспышка святла!
 І раптам знікае пустэча,
 Якая дагэтуль была!

І часткі становяцца цэлым:
 Патрапіўшы ў ласкі палон,
 У неба ўздымаецца цела –
 За птушкай-душой наўздагон…

19.05.2010


Рецензии