Цi вы адчулi пах вясновы...

Ці вы адчулі пах вясновы?
А ці пазналі родны край?
У сталакцітах крышталёвых -
Зноў сакавіцкі сонцаграй!

Цішком пракраўшыся праз межы
У нашы вёскі, гарады,
Вясна наладжвае капежы,
Дажджом растайвае ільды.

Нырае ў лункі з сантыметрам,
Каб рыбакоў ад іх прагнаць,
Шпурляе ў птушак подых ветру -
“А ну - гняздзечкі будаваць!”

Звініць адталаю вадзіцай…
Цалуе душы цяплынёй…
І промні сонца, нібы спіцы,
Нястомна круціць над зямлёй…

Змятае сон з вачэй заспаных
Ласкавым дотыкам рукі…
І, блаславіўшы закаханых,
Сплятае шчасцейка ў вянкі…

Паэтычная старонка Таццяны Дзям'янавай www.lightynna.ru


Рецензии