Няхай з мяне смяюцца...

Няхай з мяне смяюцца тыя,
Хто збеглі з дому ў iншы рай,
А я  й на горы залатыя
Не прамяняю родны край.

Бы жураўлi, не пацягнуся
Шукаць чужую цяплыню –
Мне лепей хмары Беларусi,
Чым бляск замежнага агню.

Бо мне не жыць без сэрцу мiлых
Танюткiх плакальшчыц-бяроз,
Буслоў  чарнютка-белакрылых
I крышталёвых кропель рос;

Без тых хацiначак драўляных,
Што ўсё стаяць ускрай лясоў,
Без кветак лiпеньскіх духмяных
I без птушыных галасоў;

Без калыхання вольных хваляў
Па жыту спеламу, па льну,
Без тых, каго ў зямлю хавалi
Ва ўсёзнішчальную вайну;

Без працавiтага народа,
Якi “шыкуе” на грашы,
Без той, незгубленнай, свабоды,
Што льецца песнямi з душы;

І без сумлення, i без веры,
I без надзеi на сяброў –
Без усяго, што на паперы
Пералiчыць не хопiць слоў.

Дык дай жа, Божа, дараванне,
Каб славiць родную зямлю!
О, Беларусь, маё каханне,
Квiтней! Я так цябе люблю!

2009


Рецензии