Вось кажуць iсцiна y вiне...
А што, калі ў бутэльцы суха?
Але гітара слых кране –
І верыш: ісціна – у гуках.
Чароўна струны затрымцяць,
Душу зацягнуць пераборы –
І слоў кахання не суняць,
І ўжо пачуцці – быццам мора.
І улюблёнасць у жыццё,
І боль пакут, і летуценні –
Нішто без гукаў. Сціхне ўсё –
І стануць сэрцы, бы каменні.
Што можа быць у цішыні,
Калі маўчанне – звон бязгучны?
Натхнення подыхі? Ані!
Застойнасць шэрасці цягучай!
Дык хай ляцяць яны, ляцяць
Па-над зямлёй, кудысьці ўгору,
Каб нашы душы насычаць
І напаўняць жыццём прастору.
Калі гітара слых кране,
Здаецца: ісціна – у гуках.
Хтось кажа: ісціна ў віне.
А што, калі ў бутэльцы суха?
25.05.2010
Свидетельство о публикации №110061807145
Маруся Из Беларуси 18.06.2010 21:50 Заявить о нарушении