Жыве Беларусь!
Ад шостай уранку і да цямнога-цямна.
Жыве Беларусь у невялікім адносна памеры –
79 квадратаў, 5 шыб ды й сьцяна не адна.
Там вялікі ёсьць бацька і першая маці краіны,
Там сястрычка складае ўвесь нешматлікі народ.
І дзяцюк раней жыў, але іх неўзабаве пакінуў,
Каб сваю Беларусь будаваць, уласны палоць агарод...
Эмігрант – апазіцыя бацькі па розных пытаньнях.
Эмігрант – апазіцыя бацькі на пару зь сястрой.
Ну а маці спрачацца ніколі ня мае жаданьня,
Ціха ўсімі кіруе сваёю чароўнай рукой.
“Ў маёй хаце ніхто і ніколі, ты чуеш! ніколі!!!
Беларускай ня будзе, сказаў, тут ані размаўляць!”
Бацькаў жорсткі загад роднай мовай устрос навакольле.
Апазіцыя што? Мы зь сястрой пачалі рагатаць!
Маці вечна абкладзена горамі рознай тканіны –
Залатымі рукамі шые вопратку на Амстэрдам.
І ў марах сваіх чакае такое часіны,
Каб ад Эйфеля Вежы шпацыр зрабіць ў Нотр-Дам.
Тым часам народ чакае свайго Дон-Кіхота,
Што зробіцца Данкам, магчыма, на ўсё жыцьцё,
І сэрцам сваім асьветліць ноч адзіноты,
Падорыць каханьне і разам з каханьням дзіцё!
Жыве Беларусь за мурам звычайнай кватэры,
З амурам, павагай, дыспутам – дык сэ ля ві...
Мой першы прытулак любові, надзеі і веры,
Жыві, калі ласка, даўжэй як мага жыві!!!
Свидетельство о публикации №109123103026