Дыпцих крыжа
1.
А раптам, як скончыцца шлях чалавечы,
І дойдзе жыццё да мяжы –
Мы Божымі дзецьмі заступім у вечнасць
На новым крутым віражы?
Нас вабяць святлом далячыні сусветаў,
Бо дзесьці чакае зняможаны Дух.
На самай далёкай блакітнай планеце
Даўно распачаўся ўзыходзячы рух.
І нас там чакаюць, без нас там не змогуць
Адолець у неба прыступку быцця,
І ладзяць для НАС там крыжы на Галгофах.
І прагнуць, і прагнуць, нібы адкрыцця…
2.
Не за морам-акіянам,
Не за востравам Буянам,
За Мядзьведзіцай Вялікай,
Ды за Млечным Шляхам
Ёсць зямля.
Чорны воран напрарочыў,
Як закрыюць мае вочы –
І мяне туды паклічуць,
Лёгкай чайкай белалікай
Буду я.
Пабудуюць крыж дубовы,
А на скронь – вянок цярновы,
Будуць біць мяне бічамі,
Як Хрыста.
Пашкадуйце ж мяне, людзі,
Калі раптам гэтак будзе –
Абіраем Шлях мы самі –
Не прыстаць,
Не спыніцца і не збочыць,
Як закрыюць вашы вочы,
То і вас туды паклічуць
Побач стаць.
Мы адзіным шляхам ходзім
У спрадвечным карагодзе
Ад амёбы ўсе прыходзяць
Да Крыжа.
Пашкадуйце ж сябе, людзі,
Калі раптам гэтак будзе:
Не прасілі, не любілі,
Як казаў…
Вось з дванаццаці адзіны
Пацалуе і адыйдзе –
Як заўсёды, патароча,
Здрадзіў зноў.
Пашкадуйце ж мяне, людзі,
Так хаця б, як Бога Юда –
Мне ж так хочацца, так хочацца
Дамоў.
Свидетельство о публикации №109120907494