Связь времен
Я манускрыпт стары гартаю,
Трывожу пыл вякоў.
Нібыта штосьці ўспамінаю,
Ды забываю зноў.
Вяшчаюць вешчыя пісьмёны
Без голасу… без часу… без імёнаў:
“Няма нічога новага пад сонцам!
Усё, што ёсць, было і будзе –
Калісьці ў вечнасці бясконцай
Даўно ўжо зведалі ўсе людзі”.
Находзіць стома. Кнігу закрываю,
Заплюшчыў вочы – бачу сон:
Я манускрыпт стары гартаю,
І ў сне раптоўна ўспамінаю:
Даўным-даўно, праз тоўшчу часу
Быў гэткі ж дзень, і я сядзеў,
І ў кнігу зморана глядзеў –
І вось стаміўся, вочы закрываю,
І сніцца мне пад вечны скрып:
Стары чытаю манускрыпт,
І ў гэты ж час, як я старонкамі гартаю,
Маю душу з цікавасцю чытае
Той, нехта Трэці,
Што мне святлом у сэрца свеціць,
Ці чалавек?… Ці Бог? Ці… сам сябе я?
Мо я і ёсць той самы першы,
Што манускрыпт стары складае,
І праз вякі яго ж чытае,
І той, хто сёння піша вершы?
І манускрыпт стары гартае,
Трывожыць пыл вякоў…
Нібыта штосьці ўспамінае…
Ды забывае зноў.
Свидетельство о публикации №109120907457