Виктору Ровда

ІНТЭРМЕДЫЯ ЖЫЦЦЯ І ПЕСНІ
Віктару Роўдзе
1.
Жыццё і песня паяднаны прыгажосцю!
На беларусь прыходзяць жыць, нібыта ў госці.
Але здавён сярод людзей вядома:
Для сэрца песня служыць родным домам.

“Жыццё яму!” – суровым быў прысуд, --
І зарыдаў мой Ангел утрапёна...
Вось так, сябры, я апынуўся тут
На свеце белым і такім зялёным,
Дзе нас слязой і болем спавіваюць,
Дзе песні валачобнікі спяваюць.
2.
Спяваюць людзі. З імі я спяваю.
Мелодыя любві бярэ ў палон.
Хаджу між песен, долечку шукаю,
Здаецца часам, што жыццё ёсць сон.
Вунь галубок варкуе на любоў –
Жыццё, як песня, рвецца ў паднябессе.
3.
Жыццё, як песня, рвецца ў паднябессе.
Растуць сыны: пайшоў Мікола ў школу,
Андрэёку аддалі ў дзіцячы сад, --
А я кручуся, як вавёрка ў коле:
Даспее жыта – прыйдзе час зжынаць.
Вось толькі песню трэба даспяваць.
4.
Спявайце, людзі! Час не вечны ў нас.
Слязой сыходзіць радасць і бяда.
Мядовае цячэ жыццё, ды ўраз –
Аднойчы схлыне, як расталая вада.
Айчына нас па песнях прыгадае
І нам жалобную ў магілку заспявае.
5.
Калі ў жыццё на белы свет прыйшлі –
То плач і смех сальём адзіным лёсам,
Але, хто памірае на Зямлі –
Той, пэўна, нараджаецца ў Нябёсах.
Таму няма чаго дарма тужыць –
Спяваць, смяяцца трэба, покуль жыць!

6.
Спяваць, смяяцца. Покуль жыць.
Бо час няўрымсліва бяжыць.
Усё ў свой час: час плакаць і – гуляць,
Час раскідаць, і час збіраць каменне...
Прыходзіць час і доню замуж аддаваць –
Не век жа яе лашчыць на каленях.
7.
Не век нам будзе сонейка свяціць,
Не век – зямля круціцца пад нагамі.
На міг прыходзім вечнасць палюбіць,
З сабою ж забіраем толькі Памяць.
І панясём аднойчы у бясконцасць
Пачуццяў жар – даніну Бацьку-Сонцу.
8.
Дзядам, і прадзедам, і нам свяціла,
Ты, векавечнае нябеснае Свяціла!
Даруйце гэткі каламбур –
“Мы ўсё адно ляцім да зор”, --
сказаў паэт, --
З усімі думкамі сваімі,
І разам з песнямі Максіма –
у белы свет.
9.
І я хадзіў паміж людзей і песен,
Быў п’яным без віна,
і вінаватым без віны,
Калі ж аднойчы мы напраўду уваскрэснем.
То першае, што ўспомнім – будзе песня
Ад валачобнікаў з радзімай стараны.
10.
Праходзіць спеўна інтэрмедыя жыцця.
Ад песні даўняй і да новай песні:
“Лянок”, “Лявоніху” заводзяць без канца –
а паміж песнямі крынічна б’е жыццё.
Зімою, летам, восенню, прадвеснем –
Так разам з песняй спасцігаецца быццё.
11.
Мы разам з песняй спасцігаем і быццё:
Зямную соль збярэм шматлікімі шляхамі –
І ў космасе аднойчы прарасцём,
Напэўна, бульбай? Навс жа клічуць “бульбашамі”.
Але прыпомнім і ў міжзорных далячынях
Мелодыі жыцця сваёй Айчыны.

12.
“Жыццё яму” – суровым быў загад.
О! Як мой Ангел плакаў на пачатку.
Цяпер жа мне, сябры, пара назад,
Каб давяршыць гармонію парадку.

Што ж, дзякуй вам за песенныя радасці –
Вы спеў жыццёс вялі натхнёна і чароўна.
Ёсць беларускі хор на Беларускім радыё,
Таму што ёсць маэстра – Віктар Роўда.
Жыццё і песню павянчае прыгажосцю:
На Беларусь прыходзяць жыць – не проста ў госці,
Бо ўжо здавён сярод людзей законам:
Для сэрцаў песня служыць родным домам!


Рецензии