У сiроцкiм жытле

…Вось дом, дзе не жыве ніхто…
Не парушаючы спакою і засоваў,
Зьлінялы цень свой, нібы паліто,
Пакінуў на прыступках адмысловых.
Так млосна тут, ні ладу, ні душы,
Рыпяць услед рассохлыя масьніцы,--
Іх цяжкі стогн бясьсільны заглушыць
Нямы дакор сіроцкае бажніцы.
Адкрыйцеся, выявы абразоў,
Дзе той, хто спавядаўся перад вамі,
Хто кінуў дом, а сам адсюль сышоў?
І я адказ пачуў пад абразамі:
“Хто быў паперад, той ужо даўно,
Узлезшы на бялюткія аблокі,
Зьнік незваротна ў вечным руме сноў…
А шлях туды ёсьць блізкі і далёкі.
Зірні, як прагна шчэрыцца праём,
Дзе ўдзень і ўноч палюе Зьніч змарнелы,
Прымі ўладаньне, стань гаспадаром,
Каб у жытле жыцьцё не адрунела.
А ледзь надыйдзе вызначаны час
І ў Судны дзень завершацца падлікі…”
Я прыгадаў, што вельмі мала нас
І скінуў на парозе чаравікі.
1998.


Рецензии