Сена пад нагамi

Сонца паднялося і пачынала патроху прыпякаць. А бабуля тым часам агледзелася і пасьпела прыгатаваць смачных дранікаў на сьнаданьне.
Бабуля падышла да майго ложку і, кранаючы мяне за пяту, не прыкрытую коўдрай, шэптам казала:
- Андрэйка... Трэба падымацца...
Я з паўгадзіны нейдзе ўжо не спаў. А назіраў за мухамі, даваў ім мянушкі і сачыў як яны лётаюць адна за адной і б’юцца. Але як толькі хто-небудзь заходзіў у пакой, я заплюшчваў вочы і рабіў выгляд, што сьплю. Бо, інакш, мяне б спыталі чаму я не падымаюся, калі ўжо прачнуўся. А што б я ім адказаў? Што назіраю за мухамі?
- Андрэйка...
Я расплюшчваў вочы, мармытаў: ’’Ыгы...’’ і пачынаў адзявацца.
Такім жа самым чынам будзілі і маю сястрычку. Я ўпэўнены, што яна таксама не спала апошнія паўгадзіны. І калі яна не сачыла за мухамі, то, хутчэй за ўсё, пускала сонечных зайчыкаў па муры з дапамогай свайго гадзіньніка. А можа і не пускала...
Мы пілі цёплае малако. Елі дранікі. І дзякавалі па беларуску, а не ’’па-гарадскому’’.
Бабуля казала што сёньня будзе добрае надвор’е і трэба ісьці паварушыць сена. Мы бралі граблі і ішлі на поле за кантору. Сена было ўжо з раніцы растрэсена. Яно нагадвала хвалі таго мора, якое нам паказвалі на рэпрадукцыях Айвазоўскага ў мастацкай школе, таго мора, якога я ніколі не бачыў... Мяне ўжо даўно навучылі трымаць граблі, таму я вельмі спрытна праходзіў радок за радком.
Блакіт яснага неба ані не прадугледжваў дажджу пасьля абеду. Я ўглядаўся ў далёкі лес, царкву з бліскучым крыжом ды ў шматлікія кветачкі, што расьлі на полі, і адчуваў пахучае колкае сена, якое малявала белыя рыскі на маіх апалёных нагах...

Сонца стаяла высока ў небе. Усё тое ж пякучае сонца, нягледзячы на тое, што мінула роўна дзесяць гадоў.
Мы выйшлі зь сябрам французам з аднаго з найпрыгажэйшых сабораў, што стаў сусьветнавядомым дзякуючы гісторыі каханьня страшнога гарбуна ды прывабнай цыганкі.
Мы накіраваліся да не менш вядомай Сарбоны. Вакол нас паволі праходзілі пары закаханых кітайцаў, сумных арабаў, цемнаскурых дзівакоў ды статкі турыстаў з СНД.
Мы размаўлялі пра розьніцу беларускае ды расейскае менталітэтаў. На пытаньне як сказаць ’’merci’’ па-беларуску, я, выразна вымаўляючы адказаў: ’’Дзякуй’’. Сябр паўтарыў: ’’Діакуй!’’ з націскам на апошні склад.
Неўзабаве мы апынуліся на масту, і Аксэль, мой сябр француз, спыніўшыся, заўважыў, што зараз найлепшы момант каб выпіць рому.
- За цудоўны Парыж! – сказаў я, добра адглынуўшы з бутэлькі.
- І за Беларусь! – дадаў Аксэль, падносячы бутэльку да роту.
Мы стаялі ў цэнтры Парыжу, сярод шыкоўных будынкаў, пад рваным аблокамі блакітам французкага неба. А пад нагамі ў нас гульліва пляскалася Сена...


Рецензии