Зiмовым шляхам
Ні пеўня, ні брэху нячутна нідзе,
Ваколіцы цемра хавае.
Трашчаць у мароза на гострых зубах
Бярвёны прамёрзлыя ў стылых зрубах
Ды сьнег пад падэшвай сьпявае.
А вокны з карункавым матавым шклом
Так дражняць,
так вабяць вячорным сьвятлом,
Нібыта зайсьці запрашаюць.
Па хатах плыве п’янкі водар яды,
Палеглі на печах сівыя дзяды –
Па вусах свой век вымяраюць.
Знаёмая змалку дарога дамоў
Наўскос перасыпана пылам сьнягоў
І я, разам з Гердай і Каем,
Занесеным шляхам пакрочу далей,
Туды, дзе ў няіснасьці белых завей
Мяне мой прытулак чакае.
1989.
Свидетельство о публикации №109102804536