Анатолю Сысу

Дагадзіў жа ты мне, Анатоль,
дагадзіў…
Хоць тваімі шляхамі
амаль не хадзіў –
я начамі тваімі
ня ведаў начэй,
проста ў вочы глядзеў,
ды ня бачыў вачэй.
Не двайнік твой, ня брат
і ня зьменлівы цень, –
толькі сэрца маё
апаліў твой “агмень”,
я відушчым,
як фэнікс, зь нябыту ўваскрэс,
ды пайшоў за табой
у бурштынавы “лес”.
І ты ведаеш, што я знайшоў,
Анатоль?
Дыямэнтавай голкі тваёй
востры боль.
Немагчыма ў віне
гэты боль утапіць:
шмат разоў намагаўся –
баліць і баліць,
шмат разоў паўтараў,
зьверху ўніз, зьверху ўніз:
“Я ня той, я ня Сыс…
Толькі ўсё ж такі Сыс”.
Дагадзіў жа ты мне, Анатоль,
дагадзіў,
як аднойчы вадою
з Дняпра напаіў…
І цяпер скрозь
штодзённых нягод каламуць
пуцявіны мае
праз Гарошкаў вядуць,
дзе паміж прыдняпроўскіх
радзінных равоў
засталося зямлі
для абодвух Сысоў.
2002.


Рецензии
Боль так і застаўся ў вершы...

Демьянова Татьяна Дмитриевна   07.03.2012 23:43     Заявить о нарушении