Падарожжа у зiму

Падарожжа ў зіму пачынаецца ў высьмяглым жніўні,
Калі мроіцца сьнег, а нябёсы працялі рагаціны дрэў,
Нібы шнары ад драпінаў, што сакавік прычыніў мне…
“Мне білет да зімы! Я так цяжка бяз сьнегу хварэў.”

Разьдзімаючы ноздры, ля Свіслачы песьціць чаканьне
Хрумсткіх шкельцаў, яшчэ не рашчаўленых днём-немаўлём,
Прачынацца, глядзець у вакно і скрозь шкло партызаніць
За разведбатальёнам зімы, што бязбоязна прэ напралом.

І ня ўбачыць пачатку атакі, якая парушыць
Сытых вуліц і плошчаў, апухлых ад сну, статус-кво.
Замяце гэты чортавы горад па самыя вушы
Хоць на зыбкую ноч першабытнай віхуры сяйво.

Вось і ўсё… Ціхамірна палягуць сьнягі над Нямігай,
Твой білет – несапраўдны, і зьняты з маршруту зваротны цягнік…
Падарожжа ў зіму перапыніць раптоўна адліга,
За якой – Вызваленьне, Кастрычніцкі пляц, сакавік.


Рецензии