Глiна
Выляпляла нервова нішто, абы-як,
І пакуль яе пальцы акрэсьлілі сьпіну –
Шмат разоў разьбівала няўдзячны камяк.
Дзьве крывуліны ног, лоб амаль дасканалы,
Рук сьцябліны ляпіліся проста на зьдзек,
Потым дробны каменьчык
у грудзі ўвагнала,
Каб кахаць мог гліняны яе чалавек.
Форма ёсьць і такія знаёмыя рысы:
Ці не я гэта сам, як паменшыць на сем?
Ажываю. Кажу: “Называй мяне Сысам,
Прывыкай жа цяпер да мяне пакрысе.
Хоць і з гліны, але, калі высахну крыху,
І гарачае сонца падсмаліць бакі –
Так кахаць цябе буду я, цуда-майстрыха,
Як яшчэ не кахалі твае мужыкі.
Як Петрарка чароўнай Лауры санэты,
Буду вершы адзінай табе прысьвячаць…”
Ледзь пачула яна, што стварыла паэта –
Пачала ліхаманкава гліну зьмінаць.
2006.
Свидетельство о публикации №109100704911