Весялiся

Весяліся – не грэшны з грашнейшых,
Мой народ, ад пакуты сваёй,
Весяліся ад ран несуцешных
І ад здзекаў над роднай зямлёй!

Весяліся, бо ўжо засыхаюць
Па лясах веліканы-дубы,
У буслоў на Палессі страляюць,
Выязджаюць з сядзіб – у нябыт.

Весяліся, бо дзеці ўміраюць,
Генацыд ціхі свой блаславі.
Ад Расіі да польскага краю
Ланцугі ты свае не ірві!

Весяліся, калі запытаюць
Пра крыжы, што растуць, як грыбы...
Весяліся, твой голас пазнаюць
З-за прадвечнае песні – журбы.



* * *

О мой беларускі народ!
Хай мужнасць цябе не пакіне.
Сярод і нягод, і бядот
Не дай зацягнуць розум ціне.

Цярплівасць – надзея твая.
Няхай вараннё налятае –
Над плоймай зрачэнцаў-твання 
Наступнае сёння світае...

Ускрыюць смяротны нарыў
Хваробы
                наступнікі-дзеці:
Скарыны лунае матыў:
Русь Белую дурням не звесці!




* * *
Жылі мы ў пушчах і балотах,
Збіралі зёлкі – верасы,
І дух наш вольны ў небе лётаў,
Беларусы, беларусы ...

Скажы нам, Божа,  чым віноўны
Мы прад табой, што Зніч-Палын
Сышоў на нас, як мор няўмольны,
І не ўспамога -- Божы Сын?..

Дакуль нам спіны гнуць, укленчваць
Прад лёсам злым – здавён, здавён,
Крыж на Галгофу несці вечна?
За што такімі быць, як Ён?


Рецензии