ТУДЫ
Дзе шчочкі маладзенькіх журавін
Жнітко цалуе прагнымі губамі, --
У рай зямны, пад жураўліны клін!
Туды, туды, ў цыбатае дзяцінства,
Каб заднім часам памудрэць у ім,
Дзе дым бульбоўніка – айчыны дым,
Сябрыны школьнай крэўнае адзінства...
Ў маленства йду. На стрэчу. Да сябе.
Я ведаю – другім назад вярнуся:
Дабрэйшым і мудрэйшым – па сяўбе,
Па калаўроту дзён, па Беларусі ...
* * *
А мо не будзе лютых маразоў:
На шчасце птушак – ледзьве падмарозіць,
У светлыню бяроз -- рып палазоў,
І постаці людскія на парозе...
Да нас мо госцейкі? Бо кагадзе
Лік Маткі Боскай і самой з’яўленне
На фоне гаю белым дзе-нідзе
І з хіжых душаў вырвала каменне...
А мо ўжо надыходзіць Новы Год,
Як Настрадамус прадказаў – апошні?
У храме служба йдзе – і карагод
Сняжын праз дзверы – не зважай, набожны!
Віна спагады дасць святы айцец
І да усходу тварамі паверне:
Мо свету мы перажылі канец
І Адраджэння узыходзіць зерне?
* * *
Мы судзім іншых – па сабе,
Найлепшых – па сваім узроўні.
Каму ў самоце, у журбе,
Ў палацы жыць або ў вартоўні.
Матэрыяльным жывучы,
Ад інтуіцыі адвыкшы,
Не бачым промня мы ўначы –
Ні Будды, ні Хрыста, ні Крышны...
Чаго ж бядуем, што кругом –
Бяздушша, непрыстойнасць, крыўда?
Мы ж самі збудавалі дом,
Жыць у якім даўно абрыдла.
Свидетельство о публикации №109081004886