Дом

   

Твой дом распаўся. Пуста ў ім.
Гаспадары у прочках. Сцены
Спавіты хмелем ледзь жывым –
Дом здадзены бясчассю за бясцэнак.

Зарос кустоўем сад – здзічэў.
Здрабнелі яблыкі і грушы.
Заезджы госць зірне знячэў
На запусценне – міма рушыць...

Гняздо раскіданае – дом –
Ці па краіне, ці па свету:
Не прытуліць душу ладком
Зноў да агменю тут паэту.

Парвала сувязную ніць
Палын – знябожаная зорка.
Час Апакаліпсісу сасніць
Хрыста распяцце на пагорку.

Няўжо, мой браце-беларус,
Табе за ўсё наканавана,
Нібыта горцу – землятрус,
Душы злы вырак, бы нірвана?


Рецензии