Хрызантэма

ХРЫЗАНТЭМА

Светлай памяцi Машы ШАКУЦIНАЙ

Нiколi не зразумею:
Чаму у адно iмгненне
Пагасла на небе сонца
I наступiла ноч?
Ды ў цемры, сцюдзёнай цемры
Зацеплiлася свячэнне
На сцiшаным небасхiле
Ад мiтуснi наўзбоч...

У шчырай сваёй малiтве
Пытаюся у нябёсаў:
Чаму табе гэтак мала
Жыць выпала на зямлi?
Бялюткая хрызантэма
Пазначана Богам i лёсам.
Ты ведала, мабыць, гэта.
Не ведала толькi: калi?

Пялёсткi апошнiх кветак
Схiлiлiся над табою,
Услалi твой шлях далёкi
I чорны асфальт дарог.
Ты ў вэлюме белым-белым
Лунаеш па-над зямлёю.
Цябе, як сваю нявесту,
Паклiкаў на неба Бог.

Прад вечнасцю i прад смерцю
Турботы жывых — малыя.
Вядомы усiм i просты,
Але незямны сакрэт.
Бялюткая хрызантэма бацькоўскага краю —
МАРЫЯ:
Надзея на ўваскрасенне
I вера у лепшы свет.


Рецензии