Дрэвы у шэранi
Прэч непатрэбныя і выпадковыя справы.
Перад красою высокай табе не ўстаяць.
Глянь у акно, ля дарогі – і злева і справа –
Дрэвы, як феі, у шэрані белым стаяць.
Крок супыні і суціш на імгненне дыханне.
Быццам вясна наступіла марознай зімой:
Дрэвы стаяць у зіхоткім і чыстым убранні
І зачароўваюць вочы дзівоснай красой.
Знікла самота, апрыклая нэндза забыта.
Мучыць сябе самаедствам – няправедны грэх.
Вочы на свет расчыняе сягоння нібыта
Гэты прасветлы, нічым незаплямлены снег.
О, як трывожыць світальнай зары красаванне!
Веру бязмежна святому свайму пачуццю:
Дробязь – мой сум і удача, і нават каханне
Перад магчымасцю жыць і здзіўляцца жыццю.
Выратаваннем ад фальшу, брыдоты і бруду
Раніцай золкай вяртанне ў пачатак вясны.
Дрэвы у квецені! Дрэвы, падобныя цуду!
Чыстыя-чыстыя, нібы дзіцячыя сны.
Нават калі табе ўсё апастыла да болю,
Трэба трываць: проста гэтакі лёс наш зямны.
Глянь, каб убачыць і больш не забыцца ніколі:
Дрэвы у шэрані – сон беларускай зімы.
Свидетельство о публикации №108121300241
З творчым надхненнем,
Гринцевич Денис 13.12.2008 01:49 Заявить о нарушении