Пра маю багiню

на вуліцы паўвясна
(як і ў той год, памятаеш?)—
пара самагубстваў і няспраўджаных мар…
а вецер зноў нордамі б’е ў твар.
дзяўчынка на дыеце й яна зусім-зусім адна.

дзяўчынка хутаецца ў вялізную кодру…
раздае свае думкі знаёмым занадта шчодра…
а яны ўсьміхаюцца пра сябе, маўляў, дура.

дзяўчынка блукае па начным-чужым-брудным горадзе,
дзяўчынка нарадзілася ў n-ным горадзе, у n-ным годзе
(кепскі быў ураджай, адным словам)

яна чытае забароненых пісьменнікаў,
якіх-добрыя-дзяўчынкі-чытаць-не-вінны.
а ёй усё адно падабаецца Генры Мілер.
а ёй усё адно і на гэта ёсьць свае прычыны.

яна была паслухмянай гадоў да трынаццаці,
ажно пакуль не сустрэла яго на мясцовым пляцы.
ён быў падаючым надзеі спартсменам
але хутка падсеў на наркотыкі ды з’ехаў у Вену.

з той пары дзяўчынка плакала па начох, губляла сілы,
сьціскала падушку, шаптала “…мілы….мілы…”
потым у іншым горадзе сустрэла сваю багіню..
спачатку супраціўлялася, потым—палюбіла.

яны гулялі па старажытнаму гораду, трымаючыся за рукі
яны чыталі адна адной вершы…у разгубленасьці гарадзкіх гукаў,
прыціскаліся самкнутымі вуснамі.

яны палілі “на брудэншафт”, пілі моцныя кактэлі,
ведалі ўсе мясцовыя танныя гатэлі.
верылі ў Ніцшэ. складалі свае тэарэмы
прысутнасьці жыцьця на дне бутэлек.

потым дзяўчынка стала непатрэбнай сваёй багіне.
і тая яе кінула, калі не сказаць болей.
дзяўчынка плакала, дзяўчынка маліла….
але багіня была жорсткая і нікога не любіла.

дзяўчынка прысьвячала ёй вершы, спадзявалася на вяртаньне,
але багіня знайшла іншую ахвяру і была шчасьлівай.
часам яна тэлефанавала, пыталася пра здароўе,
дзяўчынка нязьменна казала “добра”,
сьціскаючы перабінтаваную руку з праступаючай крывёю.

на гэтым скончылася гісторыя любові,
багіня з’ехала ў горад N, выйшла замуж
(за чарговую ахвяру, вядома)
а калі вы пазнаеце кагосьці з гэтых героеў..
нікому не кажыце, добра?


Рецензии