Янiс i Янiна
Дзея першая.
На сцэне – лес: ёлкі, бярозкі, пянькі, грыбы, ягады. Заліваюцца птушкі. Хлопчык Яніс гадоў адзінаццаці выходзіць на сцэну і ў кошык збірае суніцы. Яго посуд ужо амаль поўны. Чуваць лалёкае: “А-у-у!” Яно гучыць некалькі разоў, але на яго ніхто не адклікаецца.
Яніс: Можа заблудзіўся хтось, трэба адгукнуцца. А-у-у!
Чыёсці “А-у-у!” чуецца трохі бліжэй.
Яніс (гукае зноў): О-го-го!
Чыёсці гуканне “Гу-у-у!” чуваць ужо зусім блізка і неўзабаве на сцэне з’яўляецца дзяўчынка гадоў дзесяці і, убачыўшы незнаёмага хлопчыка, нейкую хвіліну маўчыць, затым кажа: Прывітанне, хлопчык! Як цябе завуць?
Яніс: Свейкі!* Я Яніс. Я да сваёй цёці ў суседнюю вёску наведаўся. Вырашыў суніц назбіраць. Іх тут у вас як жару ў печы. А ты што, заблудзілася?
Дзяўчынка: Ага. Не заўважыла як ад сябровак адстала. А тут сонца за хмары схавалася...
Здалёк даносіцца: А-у-у! Я-ні-на!
Яніна: Гэта яны. (Адгукаецца) Гу-у-у! Я ту-ут!
Яніс: Дык цябе Янінай завуць. А што ж у цябе ягад зусім мала?
Яніна: А я спатыкнулася і палову ягад рассыпала...
Яніс: Давай памагу табе дазбіраць.
Яніна: А ты ведаеш як з лесу выходзіць?
Яніс (усміхаецца): Недарэмна ў школе прыродазнаўства праходзіў: Ведаю як па дрэвах поўдзень і поўнач вызначыць. Аднак (штось дастае з кішэні) без компасу ў лес не хаджу...
Яніна (таксама з усмешкай): Вось які ты разумны! (Гукае да сябровак) Зося, Ганна, дзе вы?!
“Мы тут!” – чуюцца непадалёку галасы і на сцэне з’яўляюцца сяброўкі Яніны.
Зося: Янечка, дзе ж ты прападала?
Ганна: Затое якога прыгожага хлопчыка сабе знайшла!
Дзяўчаткі радасна абдымаюцца.
Яніс (збянтэжана): Свейкі, Зоська і Ганна! Давайце разам Яньцы ягад паможам дазбіраць, бо ў яе тут аварыя здарылася.
Усе дружна пачынаюць збіраць ягады і сыпаць іх у кошык Яніне. Раптам бліскае маланка і грыміць гром.
Яніс: Трэба нам паспяшыць з лесу. А з Янькай я сваімі ягадамі магу падзяліцца.
Яніна: А заўтра можам разам па суніцы пайсці.
Яніс (задаволена): Лабі!** Згода!
Гучыць мелодыя песні “Па ягады” і дзеці (Яніс, паглядаючы на компас, ідзе наперадзе) пакідаюць сцэну. Наўздагон зноў жахае бліскавіца і буркаціць гром.
Дзея другая.
Квяцісты луг. З аднаго боку Дзвіна, з другога – жыта з васількамі. Здалёк чуваць песня “Купалінка”. Песня набліжаецца і на сцэне з’яўляецца Яніна гадоў сямнацці ў беларускім нацыянальным касцюме. На галаве ў яе вянок з лугавых кветак. Яна згінаецца, зрывае кветкі і пляце другі вянок.
Яніна (перастае спяваць, азіраецца): Штось майго любага доўга няма. А, можа, знарок латышок мой пахваляваць мяне хоча, каб яшчэ болей яго кахала? Ды не, - ён такі добры, на такое не здольны. (Уздыхае) І хіба, чым як я яго зараз, яшчэ мацней кахаць можна?!.
Чуецца гоман, смех. На сцэну выходзяць хлопцы і дзяўчаты таксама ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Ад іх адлучаецца Алесь і падыходзіць да Яніны.
Алесь: Добры дзень, Янечка! (паказвае на вянок у руках Яніны) Можа ты, мая зёлачка, гэтым вяночкам на мяне пагадаеш?
Яніна (з іранічнай усмешкай) Для каго зёлачка, а для каго голька ў іголачках. Ёсць каму на цябе варажыць, Алеська! Хіба не бачыш як Зоська па табе сохне?
Алесь: Хай яна лепш убачыць як па ёй Міхась вяне... А мне без цябе, Янінка, Божы свет не мілы...
Яніна: Я шчыра, Алеська, табе шчасця жадаю. Але ж ты ведаеш, што мне Яніс прыпаў да сэрца...
Алесь: Ага. Як той ліст банны... Ну я яшчэ яму – саку-пасаку!..***
Здалёку даносіцца латышская народная песня “Ej ty ruu”
Яніна (усцешана) Гэта Яніс!
Голас з гурту: Алесь, пойдзем з намі, дроў для кастра нарыхтуем...
Песня набліжаецца і на сцэне з’яўляецца Яніс у латышскім нацыянальным касцюме. Яніна падбягае да яго і сціскае ў абдымках. Алесь (засмучаны) ідзе да сяброў.
Яніс: Свейкі, Янінка! Прабач што затрымаўся. Гаспадарчыя справы ніяк не адпускалі. Хоць і спяшыў да цябе – сем вёрст адным махам адмераў...
Яніна (жартуе): Калі не прабачыць – шчасця не бачыць. Я думала, можа і табе, як Пушкіну, што да дзекабрыстаў у Піцербург з Міхайлаўскага ехаў, заяц перабег дарогу і ты таксама назад дадому вярнуўся...
Яніс (смяецца): Хочаш я табе лепш пра ваўка выпадак раскажу. Адзін хлопец у нашай вёсцы ўсё лета пасвіў кароў. За заробленыя грошы бацька паабяцаў яму справіць гармонік. Як толькі каровы па хлявах пасталі, хлопец, не могучы дачакацца нядзелі, угаварыў бацьку даць яму грошы і пайшоў у суседнюю вёску гармонік купляць. Пачало змяркацца, а яго няма. Узяў бацька стрэльбу і ў тую ж вёску падаўся. Ідзе праз лес і чуе здалёк: гармонік грае. Падышоў бліжэй і бачыць: сын на дрэве сядзіць, на гармоніку грае, а пад дрэвам – воўк, гранню падвывае...
Яніна (смяецца): Вось развесяліў ты мяне, Яніска!... (Глядзіць у бок моладзі) Вунь дзяўчаты з хлопцамі пайшлі да заходу сонца вянкі на Дзвіну пускаць, пайшлі і мы пагадаем адзін на другога...
Яніс і Яніна падыходзяць да ракі. Яніна здымае вянок з галавы і пускае адначасова з тым, што трымала ў руцэ. Тое самае робяць і астатнія дзяўчаты. Усе доўга глядзяць услед. Хтосьці радуецца, што вянкі сплыліся.
Яніс (уздыхае): Хутка з вачэй знікнуць, а так і не сплыліся...
Яніна (пільна ўглядаецца): А мне здаецца – пачалі збліжацца...
Чуваць голас: Сонейка за лес села. Давайце вогнішча распальваць, карагод вадзіць...
Загараецца касцёр. Дзяўчаты і хлопцы бяруцца за рукі і водзяць вакол яго карагод. Спяваюць “Сёння Купала, заўтра Ян”.
А зараз давайце праз вогнішча скакаць будзем...
Другі голас: купальскі агонь – ачышчальны...
Пабраўшыся за рукі па парах з воклічамі “У-ух!”, “Э-эх!” і смехам скачуць праз вогнішча.
З аднаго боку сцэны гучаць галасы: Ой, ведзьма! Ведзьма!
Яніс: Ох, рагана!****
Ведзьма ў шырокай доўгай адзежы прабягае па краю сцэны, спрабуючы схапіць кагось з хлопцаў.
Хлапечы голас: Згінь нячыстая – свята ў нас чыстае!
Ведзьма знікае.
З другога боку сцэны ля жыта чуваць голас: Ой, русалка! Русалка!
Русалка з доўгімі ўскудлачанымі валасамі выбягае на край сцэны, хапае кагось з хлопцаў, казыча яго.
Хлопец крычыць: Бараніце мяне! Русалка задушыць!..
Дзявочы голас: Згінь няшчасная! Свята ў нас яснае!
Русалка знікае.
На сцэне згушчаецца змрок. Толькі касцёр асвятляе прысутных.
Чуваць голас: Самы час ісці папараць кветку шукаць.
Галасы: Дык пойдзем! Пойдзем!
Гамонячы, хто па парах, хто па адным, моладзь разыходзіцца ў розныя бакі. Нейкі час чуваць галасы, смех, затым усё сціхае. Здалёку даносіцца крык савы. Спакваля світае. Пачынаюць спяваць птушкі. Чуваць песня “Ой, рана на Йвана!” Песня набліжаецца і на сцэну, абняўшыся, выходзяць Яніс і Яніна. Яніна нейкі час яшчэ спявае.
Яніна (тулячыся да Яніса): Вось і знайшлі мы, мой Купаліш, сваю папараць-кветку...
Яніс (цалуе Яніну): Сам Бог, мая Купалінка, паслаў нам яе зорачкай з неба... (Крыху памаўчаўшы) Будзь маёй жонкай, Яніна!
Яніна: Я згодна, Яніс! Толькі бацькі мне настойліва раяць выходзіць замуж пасля таго як закончу вучобу: кансерваторыя шмат сіл і часу вымагае...
Яніс: Я вельмі, мая пявуння, буду чакаць гэтай хвіліны!
Яніна: І я, мой паэцік, шчыра жадаю каб збылася і твая мара. У тваіх вершах ёсць купальская моц...
Яніс: Дзякуй, любая! Я чытаў вершы вашага класіка Янкі Купалы ў перакладзе на латышскую мову. Вельмі яны мяне ўзрушылі! І свята ваша Купалле мяне прыемна ўразіла. Многім на наша Ліго падобнае. Спадзяюся, яно табе таксама даспадобы будзе...
Яніна: Не можа не спадабацца. Ды і наогул наша Купалле, нібы ваша Ліго па старому стылю, - роўна два тыдні іх раздзяляе. І я з павагай стаўлюся да народа, які даў свету твайго цёзку – вялікага Райніса...
Яніс: Нездарма Райніс з Купалам былі сябрамі. А ты ведаеш, што маці Райніса была беларуска?
Яніна: Цікава было даведацца...
Яніс (крыху памаўчаўшы): А гэтым летам, Янінка, мы па ягады з табой яшчэ пойдзем?
Яніна: Пойдзем. Ужо маліна паспела...
Яніс (з усмешкай): Ты сама – мая малінка, а вусны твае - сунічкі...
Яніна (з усмешкай цалуе Яніса): А вось і сонейка ўзышло. Хутка яно зайграць павінна. (Хвіліну маўчыць) А вось і зайграла! Як хораша пераліваецца ўсімі колерамі!..
Яніс: Маё сэрца, Янінка, каханнем да цябе так грае!..
Яніна: І маё да цябе, Яніска, таксама!..
Гледзячы на сонца, Яніс і Яніна павольна пакідаюць сцэну пад мелодыю песні “Па ягады”.
Дзея трэцяя.
Сялянскі падворак. Раніца. Чуваць крыкі пеўняў. Ля хаты – дрэвы, плот з гладышамі і весніцамі, калодзезьны журавель. З хаты выходзіць Яніс. Яму за шэсцьдзесят. Гучыць першая і другая частка песні “Под небом родины”:
Я здесь и сквозь подошвы ощущаю
Следы босого детства своего,
Водою родниковой очищаю
Здесь душу от ненужного всего.
Отмечен новой жизненною вехой,
С которой белый свет еще милей,
Вновь юности далекой слышу эхо
Под ясным небом Родины моей.
...В деревне под открытым небом танцы,
Жасмина запах головы кружит.
К девченке славной сладко мне прижаться,
Что, как и я, волнуясь, чуть дрожит.
Какие ей сказать слова не знаю, -
Лишь васильки глядят из-под бровей.
И звезды, улыбаясь, вместе с нами
Кружатся в небе Родины моей...
Яніс спыняецца, слухаючы песню, раздумляе. Затым падыходзіць да плоту, кладзе на яго руку і глядзіць некуды ўдалячынь. Калі песня сціхае, Яніс ідзе да дрэў, па чарзе падае ім руку.
Яніс: Добрай раніцы, мой клён! Я ўдзячны табе за твой сок, якім ты паіў мяне ў дзяцінстве. Ты і зараз падымі мяне на сваіх руках так высока, як і ў тую шчаслівую пару! Добрага здароўя табе, старая верба! З удзячнасцю помню твае пяшчотныя галінкі, якімі ў Вербную нядзелю мама сцёбала мяне, прыгаворваючы: “Не я б’ю – верба б’е! За тыдзень – Вялікдзень...” Прывітанне, акацыя! А табе я асабліва ўдзячны за тое, што маёй матулі дапамагала мяне выхоўваць, каб рос я не на лес гледзячы, а на сад... Да гэтага часу чую свіст тваіх ветак...
Па вуліцы ідзе Ілма, аднавяскоўка Яніса, нясе гладыш з малаком. Яна спыняецца ля весніц, глядзіць на Яніса, але той яе не заўважае. Ён падыходзіць да калодзезьнага жураўля, гладзіць яго рукой.
Яніс: А ты, мой журавелю, усё выцягваў шыю, выглядваў: можа я сюды йду... Ты і сёння, як колісь, дастань мне з-за сваёй пазухі зорачку...
Яніс зачэрпвае ў калодзежы вады і проста з вядра прыпадае да яе вуснамі.
Ілма: Свейкі, Яніс! З кім гэта ты размаўляеш?
Яніс глядзіць на яе, не могучы пазнаць.
Ілма: Не пазнаеш мяне? Гэта я, Ілма, твая аднакласніца.
Яніс: Вось багатая будзеш, суседачка! Свейкі, свейкі! Заходзь, Ілмачка!
Ілма адчыняе весніцы, заходзіць у падворак. Яніс ідзе ёй насустрач, абдымае, цалуе.
Ілма: З вяртаннем цябе на радзіму, Яніс! Гэта ж колькі летаў і зім мы не бачыліся? Вось пачула што ты прыехаў, вырашыла наведаць, малачка прынесці (падае малако).
Яніс: Няма смачнейшага малака, чым на радзіме, як няма больш гаючай травы, чым тут... Дзякую.
Ілма (замілавана глядзіць на Яніса): А ты, Яніс, і зарас прыгожы. Нездарма ты ў юнацтве так хваляваў маё сэрца. Мяне ж не заўважаў, а ўсё да сваёй беларусачкі ў такую далеч, як на крыллях, лётаў... Кажуць, ты нядаўна вольным мужчынам стаў...
Яніс: Але...
Ілма: І я адна засталася. Другі год пайшоў як майго Улдзіса Бог да сябе паклікаў. Заходзь як-небудзь у госці. Пасядзім, пагутарым, мінулае ўспомнім, аб будучым памарым...
Яніс: Дзякуй. Зайду як-небудзь, гладыш аднясу...
Ілма адыходзіць. З другога боку па вуліцы крочыць Айвар, сябар дзяцінства Яніса. Убачыўшы Яніса, падымае ў знак прывітання руку і адчыняе весніцы.
Айвар: Свейкі, Яніс! Ці пазнаеш сябра свайго дзяцінства?
Яніс: Свейкі, Айвар! Рад цябе бачыць!
Мужчыны паціскаюць адзін другому рукі, абдымаюцца.
Айвар: Кажуць ты недзе ў Сібіры шмат гадоў жыў. Якім ветрам цябе туды занесла?..
Яніс: Ветрам памяці. Выконваў наказ бацькоў: паехаў магілам дзядулі і бабулі пакланіцца, якіх у сорак першым у Сібір вывезлі. А там сваю долю сустрэў: з Лаймай пазнаёміўся. Так у гэтым суровым ды прыгожым краі і застаўся. Там нарадзіліся ў нас дзеці. Нямала гадоў жылі шчасліва. Аднак не так даўно разышліся нашы дарогі. Лайма раней за мяне на радзіму сваіх бацькоў у Латвію ад’ехала...
Айвар: Людскія шляхі парой разыходзяцца, але падчас і сходзяцца... Мне здаецца, калі ты таго пажадаеш, Ілма можа стаць табе добрай спадарожніцай жыцця...
Яніс: Ілма жанчына мне вельмі сімпатычная. Аднак сэрца маё мне падказвае, што спяшыць не варта. А сэрцу свайму трэба быць паслушным...
Айвар: Мы твае песні па “Домскай плошчы” слухаем. Нядаўна “Пад небам радзімы” чуў...
Яніс: Па старой памяці я дасылаў ім...
З хаты выходзіць дачка Яніса Яна.
Яна: Добрай раніцы!
Яніс і Айвар: Добрай раніцы!
Яніс: Гэта мая дачка Яна. Учора сустрэла мяне на вакзале і са мной на маю радзіму прыехала. А гэта, Яначка, сябрук майго дзяцінства, Айвар.
Айвар: Прыемна пазнаёміцца.
Яна: Узаемна.
Айвар: Запрашаю да нас у госці. У мяне сын Эдгар – Яны равеснік. Пасядзім, пагамонім...
Яніс: Дзякуй. Спадзяюся мы па-ранейшаму будзем сябраваць...
Айвар: Я – таксама. ( Памаўчаў, кінуў позірк на неба). На дождж збіраецца. Пайду сена ў садзе паграблю…
Айвар адвітваецца і адыходзіць.
Яна: Учора, татачка, на танцах пад адкрытым небам я з хлопцам пазнаёмілася. Янкам завуць. У суседнюю вёску да радні з Беларусі прыехаў. Вельмі мне спадабаўся. На сённяшні вечар мне спатканне назначыў...
Яніс: Можа гэта цябе, дачушка, твой лёс прывёў на радзіму бацькі, дзе тваё радаслоўнае дрэва караніцца, а зараз тут мной з табой галініцца... (Крыху памаўчаўшы) Пасля снедання, Яначка, мы наведаем магілы тваіх дзядулі і бабулі...
Яна: Добра, тата.
Чуваць кукаванне зязюлі. Яніс з дачкой замаўкаюць, слухаюць.
Яніс: Як доўга лічыць! Відаць, ў лясной школе не прагульвала ўрокі... (Паўза) Нідзе няма зязюлькі больш зычлівай, чым на бацькаўшчыне...
Яніс і Яна падыходзяць да дзвярэй.
Яніс (спыняецца, паказвае рукой на вушак): Вось зарубкі, якімі ў дзяцінстве мой рост адзначалі... Тут мне было недзе пяць гадкоў. Тут, пэўна, дзесяць. А тут, можа, трынаццаць... (Усміхаецца) Хочаш я табе, Яначка, прытчу раскажу. (Яна ў знак згоды ківае галавой) Былі ў бацькоў два сыны: старэйшы Гунтарс і малодшы Дзінтарс. Выраслі яны і ад'ехалі з роднай хаты па свеце шчасця шукаць. А тут да бацькоў старасць непрыкметна падкралася і дапамога дзяцей стала яшчэ больш неабходнай. Надышоў сенакос, а сыноў не відаць. Выйдзе маці на падворак, паднясе далонь да лба і глядзіць: ці не пакажуцца яе сыночкі. І хата з-пад застрэшку, як з-пад рукі, удалячынь паглядае. Першым прыехаў старэйшы Гунтарс. Якраз своечасова падаспеў. Заходзячы, найперш павітаўся з роднай хатуляй і паклон ёй аддаў. І хата пяшчотна верхнім вушаком да яго валасоў дакранулася... Малодшы Дзінтарс з’явіўся, калі ўжо справа да канца набліжалася. Моўчкі сунуўся ў дзверы і... так трэснуўся аб вушак, што гуз з галубінае яйка выскачыў на лобе! А хата ўздыхнула, прыгадаўшы, як Гунтарсу і Дзінтарсу ў дзяцінстве на вушаку адзначалі рост... Раней сяляне ў хатах дзверы невысокімі рабілі дзеля таго, напэўна, каб дзеці, вяртаючыся, не забывалі радавому гнязду пакланіцца...
Гучыць заключная частка песні “Под небом родины”:
Дороги по земле меня кружили
И чаще все от этих мест вдали,
Но в сердце моем неизменно жили
Былые весны и сюда вели,
Где я в мечту, как в молодости верю, -
Во мне поет здесь также соловей, -
И теплый летний дождь ветвями вербы
Спадает с неба Родины моей...
Гучыць трэцяя частка песні “Под небом родины”. Яніс і Яна яшчэ аб нечым горача размаўляюць. Калі гучаць заключныя словы, яны, паглядаючы на неба, працягваюць пад дождж рукі і, як дзеці, шчасліва смяюцца... Пад апошнія акорды бацька з дачкой з паклонам заходзяць у хату.
Дзея чацвёртая.
У хаце Яніса: стол, буфет, ложак, печ, у вугле іконы, на сцяне рамкі з фотаздымкамі, на стале букет палявых кветак. Адчыняюцца дзверы і ўваходзіць Яніс. Напявае дайну***** на тэму Ліго.
Яніс: Ну вось па гаспадарцы ўправіўся, зараз і лігаваць можна.
Са святліцы выходзіць Яна, заплятае касу.
Яна: Добрай раніцы, тата! Не забыў што мы сёння прымаем гасцей?
Яніс: Добрага ранку, дачушка! Не тое што не забыў, а думкі аб гэтым доўга не давалі заснуць, а як пад раніцу змежыў вочы, то і ў сне са сваёй будучай свацці знаёміўся...
За дзвярыма чуецца гоман, затым – стук у дзверы.
Яніс: Заходзьце, калі ласка!
У парозе з’яўляюцца Ілма, Айвар і яшчэ некалькі аднавяскоўцаў у святочным убранні. У іх у руках дубовыя вянкі. Чуюцца прывітанні і віншаванні: Свейкі, Яніс! Свейкі, Яначка! Свейкі, дарагія суседзі! Са святам вас! Віншуем вас з Ліго!
Госці адзяюць на галаву Янісу дубовы вянок і пачынаюць спяваць дайны на тэму Ліго. Яніс у гэты час разлівае ў гліняныя кубкі і падносіць ім піва, а Яна наразае і падае сыр.
Яніс: Ацаніце, госцейкі, маё піва. Сам па рэцэпту дзядоў варыў, з такім натхненнем, як песню тварыў!
Чуецца голас: Пена ў твайго піва, як у белага каня грыва!
Другі голас: А моц – што ў зёлак у Янаву ноч!
Да Яніса падыходзіць Ілма.
Ілма: Можаш мяне павіншаваць, Яніс: я замуж выходжу. За Сцяпана з суседняй вёскі. Вельмі доўга ты раздумляў...
Яніс: Як ёсць – так лёс... Жадаю вам шчасця, Ілма...
Чуваць стук у дзверы.
Яніс: Заходзьце, калі ласка!
У хату ўваходзяць Яніна і Янка.
Яніна і Янка: Добры дзень! Са святам вас!
Яніс: Свейкі, дарагія госці! Праходзьце, знаёміцца будзем.
Яніна (падае Янісу руку): Яніна.
Яніс ( хвіліну маўчыць, на яго твары здзіўленне і радасць): Дык гэта ты і ёсць, Янінка?!
Яніна: Я рада нашай сустрэчы, Яніс!
Яніс абдымае і цалуе Яніну. Яніна цалуе яго ў адказ. У гэты час Янка, беручы прыклад са старэйшых, не забывае пацалавць Яну.
Яна (звяртаецца да гасцей, паказваючы на Янку): А ў нас тут яшчэ адзін Яніс з’явіўся.
Чуваць голас: То й для яго ў нас дубовы вянок знойдзецца...
Другі голас: І добрая песня таксама...
Госці ўпрыгожваюць Янку дубовым вянком і зноў спяваюць дайны на тэму Ліго.
Чуваць голас: Дзякуем за гасціннасць. У нашай вёсцы яшчэ Янісы ёсць, іх таксама трэба павіншаваць...
Другі голас: І іх пачастункаў адведаць...
Трэці голас: Аднак на доўга не адвітваемся, вечарам убачымся ля кастра...
Суседзі Яніса выходзяць за дзверы.
Яніс падыходзіць да буфета, дастае адтуль графінчык гарэлкі і ставіць на стол. Яна нясе з бакоўкі закуску. Яніна вымае з пакунка і ставіць на стол бутэльку віна, кладзе дамашнюю каўбасу.
Яніна: Віно дамашняе, з маліны, сама рабіла...
Яна і Янка падыходзяць да Яніны.
Яна: Тата, падыдзі да нас.
Янка: Мы, дарагія бацькі, просім вашага благаславення. Мы з Янай кахаем адзін другога і хочам пажаніцца.
Яніс і Яніна нейкі момант глядзяць адзін на другога. Яніна змахвае слязу. Яніс падыходзіць да сцяны і здымае ікону. Затым яны па чарзе жагнаюць дзяцей. Яніс падносіць ім пацалаваць абраз.
Яніс: Благаслаўляем вас, Яна і Янка!
Яніна: Благаслаўляем вас, дзеткі! Жывіце ў згодзе і шануйце адзін другога!
Яніс: Жывіце разам у шчасці і ў горы. Хай нішто ніколі вас не разлучыць...
Яна і Янка цалуюць адзін другога. Затым па чарзе абдымаюць і цалуюць бацькоў.
Яніна, выціраючы слёзы радасці, падыходзіць да сцяны і здымае гітару.
Яніна: Хачу табе, Яначка, песню праспяваць, якую мне мая маці колісь спявала.
Яніна сядае на крэсла і спявае “Мірту”.
I радасць i смутак
У мацi ў паглядзе,
Што вырасла мiрта
Раскошная ў садзе,
З якой доня хутка
На покуцi сядзе, -
I радасць i смутак
У мацi ў паглядзе.
Матуля шаптала
Замоўныя слоўцы,
Каб доня прыпала
Да сэрца й свякроўцы,
Каб мiрта не стала
Калючым ядлоўцам, -
Матуля шаптала
Замоўныя слоўцы.
«I хай табе, доня,
Ўсмiхаецца доля,
Лагоднаю будзе –
Нiколi не ўколiць...
I некалi ў садзе
Ты мiрту пасадзiш
I з ёй сваю доньку
На покуць пасадзiш...»
......................
I радасць i смутак
У мацi ў паглядзе,
Што вырасла мiрта
Раскошная ў садзе,
З якой доня хутка
На покуцi сядзе, -
I радасць i смутак
У мацi ў паглядзе.
Песня кранае Яну да слёз. Яніс падыходзіць да стала і налівае ў келіхі.
Яніс: Прапаную выпіць за вас, дзеці, за тыя словы, якія мы з Янінай толькі што сказалі...
Усе стоячы стукаюцца келіхамі і выпіваюць. Затым садзяцца і закусваюць.
Яніс: Вось дык сустрэча, Яніна! Сёе-тое ведаю пра цябе ад нашых дзяцей. Як і ты пра мяне, напэўна... Сэрцам адчуваў, што гэта ты Янкава маці, аднак і былі прычыны ў тым сумнявацца... Раскажы пра сябе падрабязней.
Яна: Спачатку яшчэ раз напоўні келіхі, тата.
Яніс выконвае просьбу дачкі.
Яна: Я хачу падняць тост за вас, тата і мама Янкі. За ваша здароўе! Каб вам яшчэ доўга жылося й маглося!..
Зноў усе стукаюцца келіхамі, выпіваюць і закусваюць.
Яна: А зараз мы з Янкам пойдзем на прыроду. Вянок з лугавых кветак будзем віць. А вы тут пасядзіце, пагаварыце...
Дзеці выходзяць за дзверы.
Яніна (пачынае расказваць): Калі я паступіла ў кансерваторыю ў Ленінградзе, аказалася што ў вайсковае вучылішча ў гэтым горадзе паступіў Алесь. Тры гады прыходзіў да мяне, кветкі прыносіў, у кіно вадзіў... І аднойчы так здарылася, што ў мяне ад яго дзіцятка намецілася... І я дала згоду выйсці за яго замуж... Пасля заканчэння вучылішча Алесь атрымаў назначэнне ў Грозны. Там я працавала салісткай Грозненскай філармоніі. Выступалі з канцэртамі ў Чачэна-Інгушэціі, у суседніх рэспубліках. З цеплынёй помніцца як нас сустракалі з хлебам-соллю, з рогам віна... Выступалі і ў Калоннай зале Дома Саюзаў... Калі здарылася ваеннае ліхалецце ў Чачні, мой муж прыняў удзел у ваенных дзеяннях, камандаваў ротай. Як той камбат у песні, не хавўся за спіны салдат... А неўзабаве я атрымала паведамленне, што Алесь загінуў смерцю героя...
Яніна на хвіліну замаўкае. Яніс налівае ў келіхі.
Яніс: Памянем...
Яніна: Памянем...
Выпіваюць. Нейкую хвіліну маўчаць.
Яніс: Пасля Купалля ён сустрэў мяне па дарозе ад цябе і мы з ім сіламі мераліся. Сілы ў нас аказаліся прыблізна роўнымі...
Яніна (працягвае расказваць): Я пакінула Грозны, будучы цяжарнай другім дзіцём. Вярнулася на сваю радзіму і нарадзіла там Янку. Паколькі ў бацькоўскай хаце жыве мая малодшая сястра, я звярнулася да мясцовых уладаў з просьбай дапамагчы мне з жыллём і з працай. Мне прапанавалі працу ў Доме культуры калгаснага цэнтра мастацкім кіраўніком вакальнага калектыву і выкупілі для мяне хату... У гэтым годзе мой ансамбль “Святліца” атрымаў ганаровае найменне “народны”...
Яніс: Віншую!
Яніна: Дзякую. Ездзім з канцэртамі па нашым раёне і ўжо суседнія сталі запрашаць да сябе на святы. А нядаўна атрымалі запрашэнне з Латвіі прыняць удзел у фестывалі беларускай песні...
Яніс: Я рад за цябе, Яніна! (Напаўняе келіхі і падымае тост) За цябе, даражэнькая, за твае поспехі!..
Яніна: Дзякую.
Стукаюцца келіхамі, выпіваюць.
Яніна: А цяпер ты раскажы пра сябе, Яніс. Кажуць, ты стаў вядомым паэтам...
Яніс: Магу зараз сказаць толькі адно, што губляць цябе мне было вельмі цяжка... Добра, хоць не ў час службы ў войску я даведаўся што ты выйшла замуж... А то ў нашай часці адзін атрымаў такую вестку і звёў рахункі з жыццём... (Паўза) Тады я напісаў гэты верш. Вось паслухай...
Яніс чытае верш “Купальскі касцёр”:
Нас доля з табой развяла.
А некалі ж нас – абняла
І ўсмешкай лагоднай цвіла,
Як луг, дзе вянкі ты пляла.
І там, як язычнік які
Я быў, - з маёй лёгкай рукі
Узнікнуў ля слыннай ракі
Камочак агню трапяткі.
Ён вырас і нас азарыў, -
На мове сваёй гаварыў.
І так зразумелы нам быў
Агменю высокі парыў!..
...Касцёр той забыць не магу,
Яго я ў душы берагу,
Мне жыць з ім на свеце ярчэй:
Ён грэе, а часам – пячэ...
А ці зберагла яго ты?
Ці след яго, можа, прастыў,
А, мо, ён таксама гарыць
Ў табе – брат купальскай зары?..
Яніна: Гарыць, таксама гарыць... (Трохі памаўчаўшы) Калі я засталася ўдавой, мне не раз снілася, што я іду на твой голас, нібы тады ў дзяцінстве ў лесе... (Паўза) Добры мужчына, музыка, мне прапаноўваў руку і сэрца, аднак я чакала гэтага дня – нашай з табой сустрэчы...
Яніс: І я спяшыў на радзіму, нібы твой голас пачуў праз далячыні... (Глядзіць з замілаваннем) Ты і цяпер красуня, сонейка маё надвечаровае... Выходзь за мяне замуж, Яніна!
Яніна: Я згодна, Яніс! (Абдымае яго, цалуе. Жартуе) Зараз я за табой хоць у Сібір гатова!..
Яніс (жартуе ў адказ): Таксама мне жонка дзекабрыста...
Яніна: А па ягады мы з табой разам пойдзем?
Яніс: Хіба што па журавіны. У нас тут іх – рубінавыя россыпы... Вось яшчэ адну сваю песню табе праспяваю.
Яніс пад гітару спявае “ Па ягады”:
Помніш, Янька, жартаўніца,
Як хадзілі па суніцы?
Мне дзяцінства наша сніцца, -
Ярка ўспыхвае зарніцай.
А забыць хіба маглі мы
Як хадзілі па маліну?
У юнацтве аніколькі
Нам з табой быў лес не колкі!..
Плач пачуўшы жураўліны,
Мы журыцца ці павінны?
Мо, Янінка, зараз разам
Сходзім хоць па журавіны?!.
Мне дзяцінства наша сніцца –
Ў лесе кроплі зараніцы.
Помніш, Янька, чараўніца,
Як хадзілі па суніцы?
Яніна: Прыгожая песня! З нашым ансамблем развучыць можна...
Яніс (налівае ў келіхі): За нас з табой Яніна! За наша будучае і за будучыню нашых дзяцей!
Стукаюцца келіхамі, выпіваюць.
Яніна: А ўсё ж такі сплыліся тады нашы вянкі...
Яніс: Сплыліся... недзе пад Рыгай...
Яніс і Яніна, замілавана гледзячы адзін на другога, смяюцца.
Яніс: А зараз да вогнішча пойдзем...
Яніна: І праз касцёр разам, як у юнацтве, будзем скакаць?..
Яніс: Няхай ужо нашы дзеці і за нас ад шчасця паскачуць...
Яніс і Яніна пад мелодыю песні “Па ягады”, абняўшыся, пакідаюць сцэну.
Заслона.
*Вітаю (лат.)
**Добра (лат.)
***Скажу (лат.)
****Ведзьма (лат.)
*****Латышская народная песня (лат.)
Свидетельство о публикации №107072301372