Чорны палёт

Белы сьвет паволі робіцца шэрым. Гэта, з усёй сваёю непазьбежнасьцю,азначае адно – пачынаецца восень. Імжлівы ранак настае з надзвычайнай неахвотаю і вельмі марудна пераліваецца ў шэры, зусім бязь сонейка, дзень. Халодны дождж дробнымі кроплямі намагаецца зьбіць з дрэваў зжаўцелыя лісты і, выпадкова, гэтыя намаганьні заканчваюцца посьпехам. І тады мёртвыя і нікому не патрэбныя сарваныя лісты падаюць на бруд вуліцы і робяцца шэра-чорнымі. Вецер гайдае голыя, нібы зморшчаныя, галіны, мкнецца пацэліць у вакно. Рагоча. Усё яму – нішто. Ён паўсюль і нідзе, і таму дрэвы яго ня любяць. Маё вакенца таксама яго ня любіць, бо ўжо колькі разоў ветру ўдавалася стукнуць галінай па шкле. І кожны раз гэты стук нагадваў бяссэнсоўны грукат таго, хто ня мае магчымасьці зайсьці ўнутр, нават калі яму адчыніць, а толькі перашкаджае, прыцягвае да сябе ўвагу. Зрэдку на чорныя сьлізкія галіны прысаджваюцца птушкі, але толькі перавесьці дыханьне, бо ўтрымацца ім вельмі цяжка. Іх кліча іньшы сьвет – ня шэры. Чорныя птушкі па шэрых хмарах нагадваюць лісты, якія разьвіталіся з дрэвамі ў апошнім палёце. Яны таксама ляцяць па зямлі, ляцяць разам зь Зямлёю ў чорнай бездані Ўніверсуму. І гэткая восень сжымаецца і мусіць укласцца ў два кароткіх слова, каторыя, аднак, не вымавіш на адным дыханьні, бо, дзесьці на сярэдзіне, яго перахапляе ад асэнсаваньня гэтае фразы – ЧОРНЫ ПАЛЁТ… І гэтая восень, забітая ў зямлю бясконцымі дажджамі, пачынае працякаць і ў цябе самога, прасачвацца праз дах і капаць са столі на падлогу, зацякаць у вокны праз патрэсканыя шыбіны і ты сам пачынаеш рабіцца восеньню, міжволі, па-чорнаму безнадзейна і халодна. Ты робісься лужынай, якая нагадвае чорны тунэль, на прыканцы каторага, аднак, ніколі ня будзе сьвятла, бо там сьвятло губляе свой першасны сэнс. Як цьвікі ў лужыну ўбіваюцца кроплі дажджу, робяць кругі і забіваюць адлюстраваньні. І чорнае прадоньне лужыны зацягвае цябе ў сваю бездань. Усё цяжэй атрымоўваецца адрозніць чорнае ад чорнага і ўвесь працэс пачынае нагадваць сканчэньне бясконцасьці… там, дьзесьці там…
 3. 10. 2006г.


Рецензии